Пошук

Арцыбіскуп Фізікела падчас адкрыцця выставы Эль Грэка ў Рыме Арцыбіскуп Фізікела падчас адкрыцця выставы Эль Грэка ў Рыме 

Рым: выстава Эль Грэка ў рамках падрыхтоўкі да Святога 2025 года

У Рыме адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы карцін Эль Грэка. Гаворка ідзе пра першую культурную падзею, арганізаваную Апостальскай Сталіцай у рамках падрыхтоўкі да Святога 2025 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Выстава пад назвай Адкрытыя нябёсы. Эль Грэка ў Рыме праходзіць у касцёле Сант-Ан’езэ-ін-Агонэ на рымскай плошчы Навона – яна знаходзіцца на месцы былога стадыёна Даміцыяна, на арэне якога прыняла пакутніцкую смерць святая Агнешка і многія іншыя мучанікі першых стагоддзяў хрысціянства.

На экспазіцыі прадстаўлены тры творы славутага мастака, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях. Яны ўпершыню пакінулі Іспанію і былі дастаўлены ў Рым. Дзве карціны – Святая сям’я са святой Ганнай і Хрост Хрыста – прыбылі са Шпіталя Тавэра ў Таледа, а трэцяя – Хрыстус, які нясе крыж – з Парафіяльнага музея ў Эль-Банільё. Убачыць творы мастацтва ў Вечным горадзе можна будзе нядоўга – толькі да 5 кастрычніка 2023 года.

У цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел арцыбіскуп Рына Фізікела, про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Гаворачы пра матывы абрання Эль Грэка ў якасці першага мастака, выстава якога пройдзе ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею, ён звярнуў увагу на глыбокае духоўнае значэнне яго творчасці. Сапраўднае прозвішча Эль Грэка – Тэатакопулас – азначае “чалавек, якога дакрануўся Бог”, - нагадаў арцыбіскуп Фізікела. Ён таксама падкрэсліў, што мастак грэчаскага паходжання, які жыў і тварыў у Іспаніі і Італіі, з’яўляецца быццам мостам паміж Усходам і Захадам, а “вертыкальнасць яго постацей, дапамагае бачыць трансцэндэнтнасць”.

“Кожны раз, калі я іду да Святога Айца ў Апостальскі палац, я сутыкаюся з маленькай карцінай з выявай аблічча Хрыста, намаляванай Эль Грэка. Адсюль нарадзілася жаданне паказаць гэтага мастака ўсім”, - дадаў ён.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што мастацтва дапамагае несці людзям прыгажосць і пасланне надзеі, у якім ёсць вялікая патрэба ў наш час. Юбілей – гэта ў першую чаргу рэлігійная падзея, але яна мае таксама сацыяльнае значэнне. Знаёмства з творамі рэлігійнага мастацтва можа заахвоціць да пошуку прыгажосці ў жыцці. У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца плануе правядзенне мастацкіх выстаў у рамках Святога года ў розных месцах, у тым ліку ў турмах і шпіталях, - падзяліўся з Vatican News арцыбіскуп Рына Фізікела.
 

08 верасня 2023, 09:35