Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Папа – сын мігрантаў і старадаўняе навучанне гасціннасці

Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду Андрэа Тарніелі звярнуў увагу на тое, што ўвага Папы да праблемы міграцыі – гэта рыса не толькі цяперашняга пантыфікату.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News Тарніелі нагадаў, што ў 1952 годзе, праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, Пій ХІІ выдаў Апостальскую канстытуцыю пра міграцыю Exsul Familia, у якой падкрэсліў, што Езус, Марыя і Юзаф таксама былі бежанцамі ў Егіпце.

Затым, у 1967 годзе, на праблему міграцыі звяртаў увагу Павел VI у энцыкліцы Populorum progressio, заклікаючы да салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці і ўсеахопнай любові, а таксама настойваючы на “абавязку гасціннасці”.

Андрэа Тарніелі нагадаў таксама пра пасланне Яна Паўла ІІ, скіраванае на Сусветны дзень міграцыі ў 1995 годзе, у якім адзначалася, што, дапамагаючы гэтым людзям, трэба ў першую чаргу выслухаць іх, каб даведацца пра іх сітуацыю, а таксама забяспечыць іх сродкамі, неабходнымі для жыцця, незалежна ад іх прававога статуса ў новай краіне. Караль Вайтыла заклікаў быць пільнымі перад абліччам паўстання “форм неарасізму і ксенафобскіх паводзін”, а таксама абвінавачванняў мігрантаў ва ўзнікненні магчымых складаных сітуацый.

Бэнэдыкт XVI у 2012 годзе падкрэсліваў, што міграцыя – гэта не пілігрымка, натхнёная даверам, верай і надзеяй, але “кальварыя” дзеля выжывання, дзе людзі больш з’яўляецца ахвярамі, чым аўтарамі і адказнымі сваёй міграцыйнай гісторыі.

“Вядома, Францішак таксама ў Марсэле, як шмат разоў паўтараў за першыя дзесяць гадоў свайго пантыфікату, згадваў пра цяжкасці з прыняццем, абаронай, падтрымкай і інтэграцыяй нечаканых людзей. Ён падкрэсліваў супольную адказнасць усёй Еўропы і патрэбу забеспячэння “вялікай колькасці законных і ўпарадкаваных уездаў, устойлівых дзякуючы справядліваму прыняццю” з боку еўрапейскага кантынента. Але таксама ён падкрэсліў, што галоўным крытэрыем заўсёды павінна быць захаванне чалавечай годнасці, а не ўласнага дабрабыту. Бо, як мы павінны былі навучыцца з нядаўняга досведу пандэміі, збавіцца можна толькі разам, а не ў адзіночку”, - напісаў галоўны рэдактар медыя Апостальскай Сталіцы.
 

23 верасня 2023, 15:00