Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Галахер у ААН: расійскі напад на Украіну пагражае сусветнаму парадку

Святы Пасад блізкі да Украіны і цалкам адстойвае яе тэрытарыяльную цэласнасць, а вайна пагражае асноватворным элементам архітэктуры глабальнай бяспекі, - нагадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 верасня 2023 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, выступіў падчас адкрытых дэбатаў у Радзе Бяспекі ААН, прысвечаных падтрымцы міру і бяспекі ва Украіне, які прайшлі ў рамках 78-сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Іерарх падкрэсліў, што дэбаты “адбываюцца ва ўмовах жорсткай і бессэнсоўнай вайны супраць Украіны, якая з вялікай самаахвярнасцю бароніць свой суверэнітэт і непарушнасць сваіх міжнародна прызнаных межаў”, а гэта “каштоўнасці, якія прасоўваюцца і падзяляюцца з моманту заснавання” Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

“Перад абліччам трагедыі, якая адбываецца, спантанна ўзнікае пытанне: супраць каго вядзецца гэта вайна? Усе бачаць, што самую высокую цану плацяць мірныя жыхары, простыя людзі, а перш за ўсё дзеці, моладзь і старыя”, - сказаў папскі дыпламат, дадаючы, што “вайна – гэта вялікае зло, і цяпер мы бачым, што яно ўсё больш і больш распаўсюджваецца за межы Украіны, пакрываючы сваім густым ценем не толькі Еўропу, але і іншыя кантыненты, і, перш за ўсё, пранікаючы ў чалавечыя сэрцы, якія напаўняе “логікай вайны”.

“Без сумневаў, расійскі напад на Украіну пагражае ўсяму сусветнаму парадку, які склаўся пасля Другой сусветнай вайны. Яго адмоўныя наступствы ўжо бачныя ў гуманітарнай, дэмаграфічнай, харчовай, сацыяльна-палітычнай, прававой, эканамічнай, экалагічнай, ваеннай, ядзернай, энергетычнай, медыцынскай, адукацыйнай, рэлігійнай, міграцыйнай і іншых сферах, якія з’яўляюцца асноватворнымі элементамі глабальнай архітэктуры бяспекі. Зло не можа спараджаць дабро. Агрэсія можа спараджаць толькі новую агрэсію. Калі гэту вайну не спыніць і не шукаць міру на кожным кроку, увесь свет можа пагрузіцца ў яшчэ большы крызіс”, - папярэдзіў арцыбіскуп Галахер.

Дыпламат Святога Пасаду падкрэсліў, што “вырашэнне праблемы вайны ва Украіне – справа не толькі Украіны”. “Перад абліччам трагедыі, якая разгортваецца на нашых вачах”, ён заклікаў усіх задацца пытаннямі: “Што я раблю сёння для ўкраінскага народа? Ці раблю я нешта?”.

“Сёння, як ніколі, уся міжнародная супольнасць не можа скарыцца і дазволіць, каб гэта справа адбывалася ў маўчанні. Каб забяспечыць мірную і бяспечную будучыню, заклікаю ўсе краіны-члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а асабліва Раду Бяспекі, аб’яднаць намаганні ў пошуках справядлівага і трывалага міру, якога прагне свет. Усім лепш і танней укладаць грошы ў мір, чым у вайну!”, - падкрэсліў ён.

Іерарх запэўніў, што “Святы Пасад блізкі да Украіны і цалкам адстойвае яе тэрытарыяльную цэласнасць, пастаянна ўдзельнічае ў гуманітарных ініцыятывах, накіраваных на палягчэнне пакут украінскага насельніцтва, асабліва той яго часткі, якая з’яўляецца найбольш уразлівай і беззабароннай, адначасова заклікаючы ўсе дзяржавы і адпаведныя міжнародныя арганізацыі стаць творчымі і адважнымі будаўнікамі міру і тварцамі канструктыўнага дыялогу”.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што мір наступіць дзякуючы супольным намаганням на карысць яго дасягнення “не толькі на міжнародным інстытуцыйным узроўні, але і ў нашых уласных сэрцах і дамах”. “Усім вам, і асабліва змучанай Украіне, я хацеў бы выказаць самыя цёплыя пажаданні, каб вельмі жаданы мір ізноў прамяніўся ва ўсім свеце”, - завяршыў свой зварот Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
 

21 верасня 2023, 09:21