Пошук

Веласіпедная каманда Athletica Vaticana Веласіпедная каманда Athletica Vaticana   (Vatican Media)

Ватыканскія веласіпедысты падтрымалі спартсменку-бежанку

У духу братэрства і салідарнасці праходзіць удзел ватыканскай каманды ў чэмпіянаце свету па веласпорце ў шатландскім Глазга. Падчас адной з гонак атлеты запаволілі бег, каб падтрымаць спартсменку з каманды бежанцаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас аднаго з аматарскіх забегаў два ватыканскіх велагоншчыка, Рына Альберта Бэлападрона і Маркус Бергман, здзейснілі жэст салідарнасці з камандай бежанцаў. Яны запаволілі бег, каб падбадзёрыць веласіпедыстку Масому Алі Зада з Афганістана, і пераканаць яе разам дайсці да фінішу.

Па словах Бэлападрона, яны вырашылі пачакаць і дапамагчы гоншчыцы, таму што гэта “адзін з асноўных прынцыпаў каманды Athletica Vaticana, якая ўдзельнічае ў спаборніцтвах не дзеля таго, каб выйграць, а каб данесці пасланне Папы аб інклюзіўнасці, братэрстве і сяброўстве.

27-гадовая афганская велагоншчыца выступала за каманду бежанцаў, якая на гэтым чэмпіянаце складаецца з пяці членаў (трое ўцекачоў з Афганістана, адзін – з Сірыі, адзін – з Ірана). Атлетка жыве ў Парыжы і ўжо прымала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа. З 2022 года Масома Алі Зада ўваходзіць у склад камісіі спартсменаў Міжнароднага алімпійскага камітэта і выступае за тое, каб жанчыны ў яе краіне маглі займацца спортам.

Акрамя ўдзелу ў гонках, веласіпедысты каманды Athletica Vaticana сустрэліся з беднымі, якім дапамагае мясцовая супольнасць святога Вінцэнта дэ Поля, і пакінулі ім на памяць футболку з надпісам Fratelli tutti і сваімі аўтографамі. Са свайго боку, прадстаўнікі супольнасці ўручылі атлетам марыйны абраз, які напрыканцы агульнай аўдыенцыі 9 жніўня 2023 года быў перададзены Францішку.

Плануецца таксама, што бела-жоўты ровар ватыканскага гоншчыка Рыена Шуурхайса будзе выстаўлены на аўкцыён, сродкі ад якога перададуць ватыканскаму педыятрычнаму дыспансеру святой Марты, які дапамагае 500 сем'ям з маленькімі дзецьмі.

Сустрэча ватыканскіх веласіпедыстаў з дабрачыннай супольнасцю ў Глазга
09 жніўня 2023, 13:36