Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас інтэрв'ю Vatican News Кардынал П'етра Паралін падчас інтэрв'ю Vatican News 

Паралін: Папа ўскладае вялікія спадзяванні на СДМ

Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне – гэта важная магчымасць для маладых людзей пабачыць аблічча Езуса, - адзначыў кардынал П'етра Паралін у інтэрв'ю, прымеркаваным да апостальскага падарожжа Францішка ў Партугалію.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Напярэдадні 42-га апостальскага падарожжа ў Лісабон, якое распачнецца 2 жніўня 2023 года, кардынал Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін даў інтэрв'ю адказнаму рэдактару Vatican News Масіміліяна Мэнікэці.

На пытанне аб тым, як Папа рыхтуецца да сустрэчы з моладдзю, іерарх адказаў, што Святы Айцец ускладае вялікую надзею на СДМ у Лісабоне і ўжо неаднойчы заклікаў моладзь далучыцца да яго ў гэтай пілігрымцы. Пантыфік моліцца за ўсіх удзельнікаў фестывалю і перакананы, што такія падзеі “валодаюць вялікай сілай” і могуць нават змяніць камусьці жыццё. Кардынал Паралін нагадаў нядаўнія словы Папы аб тым, што “у такія дні чалавек дужа расце!”

Адказваючы на пытанне пра значэнне Сусветных дзён моладзі ў наш час, Дзяржсакратар заўважыў, што прароцкае рашэнне святога Яна Паўла II утварыць СДМ сорак гадоў таму назад захоўвае сваю актуальнасць і сёння, таму што дазваляе моладзі сустрэцца з Хрыстом і пацвярджае прыхільнасць Касцёла маладому пакаленню.

Акрамя таго, наша планета перажывае глыбокія перамены, грамадства пазначана трагічным досведам пандэміі і шматлікімі канфліктамі, а Сусветныя дні моладзі спрыяюць усеагульнаму братэрству, абмену досведам і сустрэчы моладзі розных краін, культур, моў і ладоў жыцця, - лічыць бліжэйшы супрацоўнік Папы.

На пытанне пра тое, чаму Каталіцкі касцёл можа навучыцца ў моладзі, Дзяржсакратар адзначыў, што сёння перад Касцёлам “стаіць вялікая задача перадачы веры паміж пакаленнямі”, і маладым людзям ёсць што сказаць на гэты конт. У сучасным свеце “расце колькасць тых, хто страціў веру і паводзіць сябе так, як быццам Бога няма”. Гэтая сітуацыя моцна закранае маладых людзей, з іх пытаннямі і сумневамі. Сённяшняя моладзь патрабуе, каб Касцёл быў творчым і мужным, каб ён знайшоў правільную мову і паказаў Хрыста ва ўсёй Яго свежасці і актуальнасці, каб маладыя людзі маглі сустрэцца з Ім, спазнаць досвед глыбокай веры і падзяліцца ім з аднагодкамі.

На пытанне пра тое, ці можа моладзь пераадолець такія праблемы, як войны, беднасць, абыякавасць, эгаізм, секулярызм, кардынал Паралін адказаў, што шлях блізкасці і сустрэчы паказвае Маці Божая, якая пасля Звеставання паспяшыла да сваёй стрыечнай сястры Альжбеты, каб дапамагчы ёй (Лк 1,39). Калі моладзь не будзе замыкаюцца ў сабе, а пойдзе па шляхах блізкасці і сустрэчы, то з дапамогай сваіх талентаў і здольнасцей яна зможа вырашыць і пераадолець многія праблемы грамадства, - упэўнены іерарх.

Што да візіту Папы ў санктуарый Маці Божай у Фаціме, то ён стане магчымасцю сустрэцца з хворымі і нагадаць пра мір свету, ахопленаму вайной, - заўважыў Дзяржсакратар.

На думку іерарха, падчас СДМ-2023 паваротным момантам у жыцці маладых людзей могуць стаць тры вельмі важныя сустрэчы: сустрэча з Панам падчас Эўхарыстыі і суботняга чування, сустрэча з Францішкам – пераемнікам святога Пятра, сведкам і настаўнікам веры, а таксама сустрэча з аднагодкамі з іншых краін свету.

Што тычыцца той моладзі, якая не зможа наведаць Лісабон, кардынал Паралін заахвоціў яе духоўна далучыцца да Папы і ўдзельнікаў СДМ, сачыць за імі праз сацыяльныя сеткі, маліцца за іх і адчуваць сябе часткай моладзевага сходу.

У заключэнне Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы падкрэсліў, што Сусветныя дні моладзі – гэта не феерверк, які выклікае вялікі энтузіязм і згасае. Сустрэча павінна быць інтэграваная ў звычайнае душпастырства моладзі ў дыяцэзіях і парафіях, каб усе маладыя людзі, нават тыя, хто не зможа фізічна прысутнічаць у Лісабоне, адчувалі сябе ўцягнутымі ў гэтую сусветную падзею.

Інтэрв'ю з кардыналам Паралінам на італьянскай мове
01 жніўня 2023, 08:49