Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дзяржсакратар сустрэўся з бежанцамі ў Паўднёвым Судане

Кардынал П’етра Паралін запэўніў жыхароў Паўднёвага Судана ў блізкасці, малітве і благаслаўленні Святога Айца. 14-17 жніўня 2023 года Дзяржсакратар здзяйсняе візіт у гэту афрыканскую краіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бліжэйшы супрацоўнік Папы адведаў горад Малакаль. У мясцовым катэдральным касцёле ён узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой бралі ўдзел шматлікія бежанцы. Іерарх запэўніў у гаміліі, што зло не мае апошняга слова. Ён заклікаў прысутных не паддавацца жаданню помсты, не адказваць злом на зло, рабіць выбар на карысць братэрства і прабачэння і працаваць дзеля лепшай будучыні разам з людзьмі іншых народнасцей і паходжання.

У Малакале знаходзіцца буйны лагер для бежанцаў, ахвяр грамадзянскай вайны. Структура была створана спецыяльнай Місіяй ААН у Паўднёвым Судане дзесяць гадоў таму і разлічана на 12 тысяч чалавек. Напрыканцы снежня 2022 года ў ёй знаходзілася больш за 37 тысяч бежанцаў. На пачатку чэрвеня 2023 года ў лагеры адбыліся сутыкненні, у выніку якіх загінулі 13 чалавек.

Міграцыйны крызіс у Паўднёвым Судане з’яўляецца адным з самых сур’ёзных на афрыканскім кантыненце: там налічваецца каля 2,2 мільёнаў унутраных бежанцаў. Больш за 2,3 мільёны паўднёвасуданцаў знайшлі прытулак у суседніх краінах. Частка бежанцаў, якія дагэтуль знаходзіліся ў Судане, вяртаецца на радзіму з прычыны грамадзянскай вайны, якая распачалася ў гэтай краіне.

Хоць у самім Паўднёвым Судане дзейнічае мірнае пагадненне, урад не змог правесці абяцаныя палітычныя рэформы. Адсутнічае празрыстасць з боку кіраўніцтва краіны ў дачыненне да эксплуатацыі нафтавых радовішчаў. Паводле мірнай дамовы, змены трэба было правесці да лютага 2023 года.

Каталіцкі Касцёл працягвае спрыяць устанаўленню трывалага міру і законнасці ў гэтай афрыканскай краіне. Па прыбыцці ў Джубу кардынал П’етра Паралін правёў перамовы з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана Салвам Кіірам Маярдзітам, якому перадаў ліст ад Папы і нагадаў яго заклік дзейнічаць на карысць міру і прымірэння. Дзяржсакратар разам з групай дзяцей пасадзіў дрэва міру, на знак таго, што развіццё патрабуе часу.
 

16 жніўня 2023, 09:52