Пошук

Ватыканская бібліятэка Ватыканская бібліятэка 

Ватыканская бібліятэка: новы праект даследавання яўрэйскіх рукапісаў

У Ватыканскай апостальскай бібліятэцы стартуе новая спецыялізаваная праграма вывучэння старажытных яўрэйскіх рукапісаў. Праект будзе ажыццяўляцца ў супрацоўніцтве з Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыяй.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тыдзень інтэнсіўных даследаванняў старажытных яўрэйскіх рукапісаў, у якіх прымуць удзел студэнты розных універсітэтаў, распачнецца 19 ліпеня 2023 года ў Ватыканскай бібліятэцы. Лекцыі і дыстанцыйныя заняткі правядуць вядучыя спецыялісты ў гэтай галіне, у тым ліку рабіны Адольфа Ройтман, Давід Галінкін, Арыэль Штофэнмахер і іншыя.

Інаўгурацыя

У адкрыцці праграмы прымуць удзел прадстаўнікі Святога Пасада, такія як Архіварыус і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, прэфект Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, ксёндз Маўра Мантавані, намеснік прэфекта Цімаці Янц, рэктар Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыі, рабін Арыэль Штофэнмахер, а таксама прадстаўнікі ўрадаў Ізраіля і Аргенціны.

Студэнты і спецыялісты

У снежні 2022 года падчас першага візіту ў Рым дэлегацыі Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыі была выказана прапанова правесці ў Ватыканскай бібліятэцы вучэбную праграму з удзелам студэнтаў і спецыялістаў з усяго свету. Пасля гэтага супрацоўнікі Апостальскай бібліятэкі і рабінскай семінарыі за шэсць месяцаў распрацавалі новы курс па вывучэнні старажытных яўрэйскіх рукапісаў.

Каштоўная спадчына

У Ватыканскай апостальскай бібліятэцы захоўваюцца сотні рукапісаў, якія з'яўляюцца бясцэнным сведчаннем культурнай і рэлігійнай спадчыны яўрэйскага народа. Сярод іх: скруткі Торы, біблейскія і экзегетычныя тэксты, творы юдэйскіх філосафаў і рабінаў, літургічныя кнігі, паэзія, навуковыя і кабалістычныя тэксты. Асноўная частка рукапісаў датуецца XII-XV стагоддзямі, але ёсць і тэксты IX-XI стагоддзяў – перыяду, пазначанага крыжовымі паходамі, інквізіцыяй і выгнаннем габрэяў з Іспаніі. Ватыканскі збор яўрэйскіх рукапісаў з'яўляецца адным з найважнейшых у свеце і можа праліць святло на фундаментальныя творы юдаізму.

18 ліпеня 2023, 11:34