Пошук

Багдад. Пратэсты супраць акцыі спалення Карана ў Швецыі Багдад. Пратэсты супраць акцыі спалення Карана ў Швецыі 

Святы Пасад асудзіў знішчэнне рэлігійных сімвалаў і месцаў

Святы Пасад рашуча асуджае апаганьванне, разбурэнне і знішчэнне рэлігійных аб'ектаў, сімвалаў і месцаў пакланення, - заявіў прадстаўнік Святога Пасада у ААН, мансеньёр Дэвід Путцэр, выступаючы на 53-й сесіі Рады па правах чалавека ў Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у ініцыяваных Пакістанам дэбатах, прысвечаных росту колькасці наўмысных і публічных актаў рэлігійнай нянавісці, якія праяўляюцца ў перыядычным спальванні Карана. У прыватнасці, гаворка ідзе пра нядаўні інцыдэнт у Швецыі, дзе пратэстоўца іракскага паходжання спаліў Каран перад мячэццю ў Стакгольме. Гэты жэст, здзейснены ў пачатку трохдзённага свята Ід аль-Адха, аднаго з найважнейшых у мусульманскім свеце, выклікаў вострую палеміку і пратэсты.

У інтэрв'ю газеце Аль-Ітыхад, Францішак падкрэсліў, што адчувае “абурэнне і агіду ў сувязі з гэтымі дзеяннямі". "Любая кніга, якую людзі лічаць Святой, павінна шанавацца з павагі да вернікаў, а свабода выказвання ніколі не павінна выкарыстоўвацца як падстава для прыніжэння іншых. Неабходна адхіляць і асуджаць падобнае дапушчэнне", - сказаў Пантыфік.

Замахі на годнасць вернікаў

Спасылаючыся на гэтыя словы Святога Айца, ватыканскі прадстаўнік у ААН выказаў асуджэнне і занепакоенасць Святога Пасада: “Нядаўняе спаленне Карана ў першы дзень мусульманскага свята Ід аль-Адха выклікае асаблівую трывогу, паколькі ачарняе таксама і значэнне гэтай урачыстасці. Рэлігійная вера з'яўляецца выразам імкнення чалавека да ісціны, сэнсу і мэты жыцця. Таму наўмысная абраза рэлігійных перакананняў, традыцый або святынь з'яўляецца замахам на чалавечую годнасць верніка”, - зазначыў мансеньёр Путцэр.

Злоўжыванне свабодай выказвання меркаванняў

З іншага боку, па словах дыпламата, неабходна больш глыбока ўсведамляць той факт, што "несумленныя суб'екты часта здзяйсняюць акты рэлігійнай нецярпімасці, злоўжываючы каштоўным дарам свабоды выказвання меркаванняў, каб выклікаць несуразмерную рэакцыю". Такім чынам яны распальваюць "нянавісць, нецярпімасць і гвалт" у свеце, ужо пазначаным войнамі і канфліктамі – гэтымі ранамі нашага часу, якія маюць патрэбу ў гаючым бальзаме братэрства, - нагадаў словы Францішка мансеньёр Путцэр.

Прынятая рэзалюцыя

Напрыканцы дэбатаў члены Рады ААН па правах чалавека прынялі рэзалюцыю, якая "рашуча асуджае і адхіляе любую праяву і абарону рэлігійнай нянавісці, у тым ліку нядаўнія публічныя і наўмысныя акты апаганьвання Святога Карана". Тэкст быў прыняты 28 галасамі за (у тым ліку Пакістанам, Кітаем і Сенегалам), 12 краін прагаласавалі супраць (у тым ліку некаторыя краіны ЕС, ЗША і Вялікабрытанія), сем краін устрымаліся.

14 ліпеня 2023, 11:27