Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін  

Паралін: Францішак прызначыў біскупа Шанхая дзеля дабра дыяцэзіі

Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін патлумачыў прычыны прызначэння біскупа Шэня ў Шанхайскую дыяцэзію і выступіў з прапановай адкрыцця ў Кітаі пастаяннага офіса па сувязях са Святым Пасадам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв'ю Vatican News Дзяржаўны сакратар Яго Святасці акрэсліў адносіны паміж Святым Пасадам і Кітаем, нагадаўшы пра часовае пагадненне, якое з верасня 2018 года рэгулюе прызначэнне біскупаў на аснове фундаментальнага прынцыпу ўзаемнай згоды.

Кардынал Паралін удакладніў, што Святы Айцец прызначыў пастырам Шанхайскай дыяцэзіі біскупа Шэня, якога кітайскія ўлады ўжо фактычна перавялі ў Шанхайскую дыяцэзію з Хаймэня ў правінцыі Цзянсу, праінфармаваўшы Святы Пасад аб гэтым рашэнні, але не ўключаючы яго ў прыняцце рашэння, як гэта прадугледжана пагадненнем. Падобнае адбылося таксама і ў 2022 годзе, прыкладна праз месяц пасля апошняга аднаўлення пагаднення, калі Святы Пасад са “здзіўленнем і шкадаваннем” даведаўся пра ўступленне на пасаду дапаможнага біскупа дыяцэзіі Цзянсі, не прызнанай Святым Пасадам, мансеньёра Джона Пэнга Вэйчжао.

Што тычыцца мансеньёра Шэня, названага ў інтэрв'ю "паважаным пастарам", то Папа ўсё ж такі вырашыў зацвердзіць яго прызначэнне, каб “выправіць кананічнае парушэнне дзеля большага дабра дыяцэзіі". Аднак, на думку Дзяржсакратара, такія дзеянні, "здаецца, не ўлічваюць дух дыялогу і супрацоўніцтва, усталяваны паміж Ватыканам і кітайскім бокам на працягу гэтых гадоў і які знайшоў свой арыенцір у пагадненні". Напрыклад, існуюць і іншыя "нявырашаныя пытанні", якія тычацца двух дапаможных біскупаў і патрабуюць "справядлівага і мудрага рашэння".

Кардынал Паралін падкрэсліў неабходнасць "адкрытага дыялогу" і “паважлівых стасункаў з кітайскім бокам". Па яго словах, праблемы ўзнікаюць пры адсутнасці кансенсусу, у той час як "правільнае прымяненне пагаднення дазваляе пазбегнуць падобных цяжкасцяў". "Неабходна, каб усе біскупскія прызначэнні ў Кітаі, у тым ліку і пераводы, адбываліся па ўзаемнай згодзе ў адпаведнасці з дамоўленасцямі і ў духу дыялогу паміж бакамі. Мы павінны разам прадухіляць дысгарманічныя сітуацыі, якія ствараюць рознагалоссі і непаразуменні”, - заўважыў іерарх.

У сувязі з гэтым кардынал Паралін засяродзіў увагу на трох пытаннях, якія патрабуюць неадкладнага рашэння: біскупская канферэнцыя, зносіны кітайскіх біскупаў з Папам і евангелізацыя. Паводле бліжэйшага супрацоўніка Папы, стварэнне біскупскай канферэнцыі дазволіла б рэалізаваць жаданне Святога Пасада "убачыць рост адказнасці біскупаў за кіраўніцтва Касцёлам у Кітаі”. Рэгулярныя ж стасункі кітайскіх біскупаў з Біскупам Рыма неабходны для эфектыўнай камуніі. Нягледзячы на "занадта шмат падазрэнняў", якія запавольваюць евангелізацыю, кітайскія католікі заслугоўваюць даверу, таму што “шчыра жадаюць быць лаяльнымі грамадзянамі, якіх паважаюць за добрасумленнасць і веру". Таму неабходна пераадолець недавер да каталіцызму, які не з'яўляецца чужой – не кажучы ўжо варожай – рэлігіяй, і не супярэчыць культуры гэтага вялікага народа, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар.

Каб зрабіць дыялог паміж двума бакамі "больш плыўным і плённым", кардынал Паралін прапанаваў “адкрыць у Кітаі пастаянны офіс па сувязях са Святым Пасадам”, які б не толькі спрыяў дыялогу з уладамі, але і “поўнаму прымірэнню ўнутры кітайскага Касцёла”. "Мы падпісалі пагадненне, якое можна назваць гістарычным", - зазначыў Дзяржсакратар, дадаючы, што яно патрабуе ўсёабдымнага і правільнага прымянення, і Святы Пасад поўны рашучасці ўнесці свой уклад у працяг гэтага шляху".

15 ліпеня 2023, 13:49