Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (REUTERS)

Кардынал дэ Мендонса пра штучны інтэлект у каталіцкіх ВНУ

Каталіцкія ўніверсітэты павінны творча падыходзіць да выкарыстання штучнага інтэлекту, памятаючы пры гэтым пра сваю этычную адказнасць, - лічыць прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса прыняў удзел у навуковай канферэнцыі, прысвечанай будучыні каталіцкіх універсітэтаў у эпоху штучнага інтэлекту, якая 13-14 ліпеня 2023 года праходзіць у Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане.

На думку іерарха, каталіцкія ўніверсітэты павінны імкнуцца стаць лідарамі ў галіне інавацый і новых тэндэнцый. Ён падкрэсліў важнасць дыялогу, вырашэння сучасных праблем і пастаяннага абнаўлення, заснаванага на дасведчанасці.

Спасылаючыся на выказванні Францішка аб штучным інтэлекце, кардынал дэ Мендонса заклікаў каталіцкія ўніверсітэты бясстрашна выкарыстоўваць штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі, улічваючы пры гэтым этычныя наступствы выкарыстання новых тэхналогій. Прыярытэтная ўвага павінна заўсёды ўдзяляцца такім ключавым прынцыпам, як дабрабыт чалавека і захаванне маральных каштоўнасцяў, - падкрэсліў ён.

Кардынал дэ Мендонса звярнуў увагу на важнасць цэласнага падыходу да штучнага інтэлекту, у цэнтры якога павінна быць чалавечая асоба. Ён заклікаў інвеставаць у развіццё чалавека, яго кагнітыўнага, творчага, духоўнага і этычнага патэнцыялу.

Іерарх падкрэсліў таксама важнасць супрацоўніцтва каталіцкіх універсітэтаў з грамадствам і людзьмі розных культур. Найважнейшымі якасцямі навукоўцы ён назваў творчы інтэлект і распазнаванне, заснаваныя на цвёрдых каштоўнасцях. Кардынал дэ Мендонса звярнуў увагу на этычную адказнасць каталіцкіх універсітэтаў за выкарыстанне штучнага інтэлекту і заклікаў іх да стварэння структур, якія б гарантавалі выкананне этычных нормаў.

Удзельнікі канферэнцыі разгледзелі таксама праблемы і магчымасці выкарыстання штучнага інтэлекту ў розных сферах. Асаблівая ўвага была нададзена інклюзіўнаму патэнцыялу штучнага інтэлекту для адукацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Была выказана занепакоенасць хуткімі тэмпамі тэхналагічнага прагрэсу, падкрэслена неабходнасць забеспячэння справядлівасці, канфідэнцыяльнасці і праверкі дадзеных. Аднак большасць удзельнікаў канферэнцыі пагадзілася з тым, што штучны інтэлект валодае патэнцыялам для садзейнічання ўстойліваму развіццю грамадства і стварэння новых прафесійных магчымасцяў.

14 ліпеня 2023, 13:01