Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (AFP or licensors)

Галахер: Францішкам рухае жаданне зрабіць магчымымі дыялог і мір

Святы Айцец не хоча мірыцца з вайной і ўпарта верыць у мір, - падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, прымаючы ўдзел у прэзентацыі выпуску "Украінскія ўрокі" італьянскага часопіса Limes.

Марыя Валодзіна - Vatican News

13 ліпеня 2023 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у прэзентацыі геапалітычнага часопіса Limes, майскі выпуск якога быў цалкам прысвечаны Украіне. У сваёй прамове ён спыніўся на некаторых момантах, якія праліваюць святло на пазіцыю Святога Пасада ў дачыненні да вайны.

Новы канфлікт, які цяжка зразумець

Па словах арцыбіскупа Галахера, узброенае сутыкненне на еўрапейскім кантыненце, якое многія лічылі малаверагодным, паказала новае аблічча вайны. Навізна заключаецца ў масавым выкарыстанні высокатэхналагічнай зброі, такой як беспілотнікі, якое ў пэўнай і неспадзяванай ступені прывяло да эскалацыі баявых дзеянняў. У сувязі з гэтым застаецца актуальным асуджэнне вайны як бруднага гандлю, якое неаднаразова выказваў Святы Айцец. Вайна дазваляе апрабоўваць узбраенне і абнаўляць арсеналы, а таксама накіроўвае рэсурсы не на прагрэс чалавецтва, а на яго знішчэнне, - адзначыў іерарх.

Акрамя таго, у ходзе гэтай вайны выявіўся яшчэ адзін вельмі важны аспект, які ніколі раней не назіраўся. Калі раней, каб атрымаць афіцыйныя навіны з фронту, трэба было чакаць паведамленняў кампетэнтных органаў, сёння, дзякуючы мультымедыйным тэхналогіям, мы бачым амаль у прамым эфіры тое, што адбываецца на месцах баявых дзеянняў. Гэта, з аднаго боку, дазваляе супрацьстаяць фальшывым навінам, створаным прапагандай, але, з другога боку, прыносіць вайну ў кожны дом, робячы ўсіх нас сведкамі “глупстваў і зверстваў". Перад трагедыяй, якая разгортваецца на нашых вачах, Францішак заклікае кожнага задацца пытаннем: “Што я раблю сёння для ўкраінскага народа?”

Яшчэ адзін новы аспект гэтай вайны тычыцца абмеркавання ўдзелу Кітая ў працэсе забеспячэння бяспекі ў Еўрапейскім рэгіёне, прызнання яго здольнасць рэгуляваць канфлікты мірным шляхам, - лічыць ватыканскі дыпламат.

Пазіцыя Папы і Святога Пасада

Арцыбіскуп Галахер палічыў неабходным удакладніць пазіцыю Святога Айца ў дачыненні да вайны ва Украіне. Бясспрэчна, што рэакцыя ўкраінцаў на публічныя словы Францішка “адлюстроўвае глыбокае расчараванне". Заявы Папы інтэрпрэтуюцца як "акты пустога пацыфізму" і тэатральныя жэсты, што “не аддае належнае намерам Святога Айца, які не хоча мірыцца з вайной і ўпарта верыць у мір”, запрашаючы ўсіх стаць творчымі і адважнымі міратворцамі. Святым Айцом рухае не што іншае, як жаданне зрабіць магчымымі дыялог і мір, - падкрэсліў іерарх.

Святы Пасад не мае намеру "заплюшчваць вочы на сістэматычныя ваенныя злачынствы з боку расійскіх вайскоўцаў і ўладаў і ставіць краіну-агрэсара на адзін узровень з ахвярай". Папа выразна адрознівае агрэсара ад ахвяры, аб чым выразна сведчаць канкрэтныя гуманітарныя ініцыятывы на карысць украінскага народа.

На думку Галахера, для дасягнення міру неабходна пайсці насуперак "логікі вайны", якая сёння пераважае ў свеце, насуперак ідэі аб тым, што няма месца для творчага дыялогу і дыпламатыі, і таму трэба змірыцца і прыняць працяг лютых баёў, якія сеюць смерць і разбурэнне. Неабходны невялікія змены поглядаў, якія дазваляюць адкрыць розум і сэрца іншаму, умацаваць давер адзін да аднаго. Рэальную дапамогу ў гэтым сэнсе могуць аказаць гуманітарныя ініцыятывы, такія як абмен ваеннапалоннымі, экспарт збожжа і рэпатрыяцыя дзяцей, якую спрабуе рэалізаваць кардынал Матэа Дзупі. Гэтая вайна "павінна быць спыненая як мага хутчэй”, - заключыў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

13 ліпеня 2023, 14:42