Пошук

Твор з калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў Твор з калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў 

Ватыканскія музеі: калекцыі сучаснага мастацтва – 50 гадоў

Адкрыццём новай выставы Contemporanea 50 адзначаць Ватыканскія музеі 23 чэрвеня 2023 года пяцідзесяцігоддзе калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Стваральнікам калекцыі сучаснага мастацтва Ватыканскіх музеяў лічыцца Павел VI, які 23 чэрвеня 1973 года афіцыйна адкрыў выставу ў самым сэрцы музеяў: у залах Борджа і ўздоўж музейнага маршрута, які вядзе да Сікстынскай капэлы. Сёння калекцыя налічвае больш за 9 тысяч твораў: карцін, скульптур, вітражоў, габеленаў, фатаграфій, інсталяцый, архітэктурных мадэляў і відэа. Гэта адна з найбуйнейшых калекцый сучаснага сакральнага мастацтва ў свеце.

Дыялогу мінулага з сучаснасцю прысвечана выстава Contemporanea 50, якая адзначыць пяцідзесяцігоддзе калекцыі. У экспазіцыю ўвайшлі дзесяць твораў сусветна вядомых сучасных мастакоў, такіх як Анацуі, Брава, Вукадзінаў, Джолі, Джуліяні, Паладзіна і іншыя.

Акрамя таго, будуць прадстаўлены фотаздымкі, якія сведчаць аб гісторыі стварэння калекцыі, мастаках і выставачных мерапрыемствах, а таксама ў цэлым аб эвалюцыйным шляху, пройдзеным за першыя пяцьдзясят гадоў існавання калекцыі.

Да юбілею калекцыі сучаснага мастацтва Ватыканскіх музеяў прымеркавана таксама публікацыя новага каталога.

Выстава Contemporanea 50 працягнецца да 24 верасня 2023 года. Кошт наведвання ўключаны ў білет Ватыканскіх музеяў.

21 чэрвеня 2023, 13:19