Пошук

Кардынал Маўра Гамбэці падчас пакаяннага абраду ў базіліцы святога Пятра Кардынал Маўра Гамбэці падчас пакаяннага абраду ў базіліцы святога Пятра  (Vatican Media)

Ватыкан: пакаянны абрад пасля прафанацыі папскага алтара

3 чэрвеня 2023 года архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра кардынал Маўра Гамбэціі ўзначаліў пакаянны абрад ў сувязі з прафанацыяй алтара Канфесіі, якое мела месца днём раней.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У пакаянным набажэнстве бралі ўдзел канонікі капітула базілікі святога Пятра і шматлікія вернікі.

Прафанацыя галоўнага алтара адбылася вечарам 2 чэрвеня: перад закрыццём ватыканскай базілікі мужчына, які знаходзіўся ў стане афекту, падышоў да алтара, хутка распрануўся і заскочыў на яго. На спіне ў мужчыны фламастарам было напісана па-англійску: “Уратуйце дзяцей Украіны”. Ён не крычаў і не аказваў супраціву, калі ахоўнікі разам з ватыканскімі жандарамі прымусілі яго спусціцца і апрануцца. Мужчына быў адведзены ў пастарунак Ватыканскай жандармерыі для ўсталявання асобы, а потым перададзены, на аснове пагаднення паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай, італьянскім праваахоўнікам, якія ўручылі яму прадпісанне пакінуць тэрыторыі Італіі.

Паводле паведамленняў СМІ, віноўнікам інцыдэнту з’яўляецца 34-гадовы расіянін з польскім грамадзянствам, які пакутуе ад цяжкай формы дэпрэсіі і рознага роду разладаў.
 

03 чэрвеня 2023, 12:02