Пошук

Кардынал Артур Рошэ Кардынал Артур Рошэ  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Пасад: чытанні для Імшы ad postulandam continentia

Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў выдала дэкрэт з указаннем біблійных чытанняў для Імшы ad postulandam continentiam. У Рымскім імшале яна знаходзіцца ў групе фармуляраў для Ішмаў і малітваў у розных патрэбах.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дэкрэт падпісалі прэфект Дыкастэрыі, кардынал Артур Рошэ, і сакратар, арцыбіскуп Віторыа Франчэска Віёла. Паведамляецца, што ў бліжэйшы час епіскапаты ва ўсім свеце атрымаюць адпаведнае паведамленне са спісам чытанняў.

Дыкастэрыя падкрэсліла, што “тэрмін continentia у Рымскім імшале выкарыстоўваецца, каб агульным чынам указаць, што пакліканы рабіць кожны ахрышчаны, каб апрануцца ў Хрыста (пар. Гал 3,27), змагаючыся супраць усякіх форм зла, усведамляючы ўласнае цела святыняй Святога Духа, сродкам для праслаўлення Бога (пар. 1 Кар 6,19), праходзячы жыццёвы шлях пад кіраўніцтвам Святога Духа” (пар. Гал 5,25).

Гаворка не ідзе толькі пра людскую справу, таму, каб жыць па-хрыстоваму “неабходна прасіць і атрымаць ласку жыцця ад Святога Духа, прыняць новае сэрца і новы дух”.

Адмысловыя біблійныя чытанні дапамогуць надаць асаблівы характар цэлебрацыі, падчас якой будзе прасіцца “ласка чыстага сэрца, свабоднага ад жадання панаваць, валодаць, здабываць, нястрымна рэалізоўваць свае амбіцыі і задавальняць свае жаданні, часта на шкоду самым слабым”. Гэта Імша можа цэлебравацца ў інтэнцыі кожнага ахрышчанага, незалежна ад яго стану, гаворыцца ў ватыканскім дакуменце.

Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў прапануе выкарыстоўваць урыўкі з Евангелляў святога Мацвея (Вы соль зямлі, Мц 5,13-16) і святога Яна (Вось запаведзь мая, каб вы любілі адзін аднаго, Ян 15,12-17).

Са Старога Запавету прапануюцца ўрыўкі з Кнігі прарока Эзэхіэля (Дам вам новае сэрца і дух новы ў нутро вашае, Эзх 36,24-29а) і Кнігі Мудрасці Сіраха (Хто баіцца Пана, падрыхтуе сэрца сваё, Сір 2,18-23).

З Новага Запавету прапануецца выкарыстоўваць урыўкі з Паслання да Рымлянаў (Любоў няхай будзе некрывадушнай, Рым 12, 1-2. 9-18), Першага паслання да Карынцянаў (Усё мне можна, але не ўсё карысна, 1Кар 6, 12-15a. 17-20) і Паслання да Галатаў (Плод Духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць, Гал 5,16-25).
 

26 чэрвеня 2023, 11:46