Пошук

Аўдыенцыя для членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Ілюстрацыйнае фота Аўдыенцыя для членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Пасад абновіць нормы па абароне непаўналетніх

Папская камісія па абароне непаўналетніх абвясціла аб правядзенні глабальных кансультацый з мэтай абнаўлення норм у сферы абароны непаўналетніх і дарослых уразлівых людзей.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Камісія падрыхтавала і апублікавала на сваім сайце анкету на чатырох мовах. У апытанні закліканы прыняць удзел мясцовыя Касцёлы, манаскія супольнасці, групы ахвяр злоўжыванняў і ўсе зацікаўленыя асобы.

Водгукі будуць прааналізаваны і выкарыстаны ў працэсе распрацоўкі абноўленых кіруючых прынцыпаў у сферы абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб у Касцёле. Нормы, якія дзейнічаюць зараз, былі выпрацаваны ў 2011 годзе і патрабуюць актуалізацыі.

Паведамляецца, што Папская камісія па абароне непаўналетніх хоча выслухаць не толькі экспертаў, а ўсіх. Важна таксама, каб апытанне ахапіла як мага больш краін свету, бо сітуацыя са злоўжываннямі мае адметнасці ў розных рэгіёнах планеты. Новыя нормы могуць быць карыснымі для розных асяродкаў, не толькі для касцёльных.

Абноўленая версія рэкамендацый па абароне непаўналетніх павінна быць распрацавана да канца 2023 года, Яна будзе разаслана ва ўсе епіскапаты свету, якія павінны будуць адаптаваць свае праграмы ў гэтай сферы згодна з новым дакументам. Ініцыятыва рэалізуецца згодна з заклікам Папы дапамагчы мясцовым Касцёлам у барацьбе са злоўжываннямі і стварэнні бяспечных умоў для дзяцей.
 

24 чэрвеня 2023, 12:45