Пошук

Прэзентацыя кнігі "Ад Сабору да інтэрнэта" Прэзентацыя кнігі "Ад Сабору да інтэрнэта" 

Новая кніга пра эвалюцыю ватыканскай камунікацыі

Для рэформы ватыканскіх СМІ спатрэбілася мужнасць Францішка, - адзначыў ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі на прэзентацыі кнігі, прысвечанай дзейнасці ватыканскіх сродкаў масавай інфармацыі з часоў Другога Ватыканскага Сабора па сённяшні дзень.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэзентацыя выдання Ад Сабору да інтэрнэта. Ватыканская камунікацыя і паваротны момант рэформы (Dal Concilio al web. La comunicazione vaticana e la svolta della riforma), якое з'явілася на паліцах кнігарняў некалькі дзён таму, прайшла 13 чэрвеня 2023 года ў рымскім універсітэце Lumsa. Кніга выйшла ў свет у выдавецтве Libreria Editrice Vaticana, яе аўтар – шматгадовы супрацоўнік ватыканскіх СМІ Анджэла Шэльца, прамову напісаў былы дырэктар Ватыканскага радыё і Залы Друку Апостальскай Сталіцы, ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі. “Сапраўды вялікі зборнік на тэму сучаснай гісторыі ватыканскай камунікацыі”, - так ахарактарызаваў новае выданне апошні.

Кніга ўяўляе сабой усебаковае даследаванне рэформы ватыканскіх сродкаў масавай камунікацыі з улікам пастаяннага росту выкарыстання сацыяльных сетак. У ёй апісваецца трансфармацыя ватыканскіх СМІ, якая адбылася ў апошнія гады, і асноўныя праблемы, якія стаяць перад імі сёння. Аўтар прасочвае важныя этапы гэтай эвалюцыі, пачынаючы з інфармацыйнай дзейнасці падчас Другога Ватыканскага Сабору і заканчваючы пантыфікатам Францішка.

У сваёй прадмове ксёндз Ламбардзі адзначыў важнасць захоўвання гісторыі і падкрэсліў, што рэформа “у доўгатэрміновай перспектыве таксама з'яўляецца крокам у гісторыі, бесперапыннасць якой гарантуецца вернасцю місіі Касцёла, неад'емнай часткай якога з'яўляецца камунікацыя”.

"Мы прыйшлі да пераканання, што рэформа была неабходна, але нам чагосьці не хапала, нам не хапала кагосьці, хто мог бы прыняць рашэнне”, - адзначыў ксёндз Ламбардзі. На яго думку, каб правесці рэформу ватыканскіх СМІ, “спатрэбілася мужнасць Францішка".

Па словах Ламбардзі, "існуе сувязь паміж ватыканскай камунікацыяй і пераемнасцю Пап, назіраецца эвалюцыя іх камунікатыўнага стылю. Рэформа ватыканскіх СМІ сугучная стылю і пантыфікату Францішка, яго місіянерскай адкрытасці, яго вельмі канкрэтнаму і простаму ўдзелу ў грамадскай камунікацыі", - лічыць былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

14 чэрвеня 2023, 12:35