Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш падчас інтэрв'ю ў студыі Ватыканскага радыё Кардынал Жан-Клод Олерыш падчас інтэрв'ю ў студыі Ватыканскага радыё 

Кардынал Олерыш: працоўны дакумент Сінода закліканы натхняць

Абнародаваны 20 чэрвеня 2023 года працоўны дакумент Сінода Біскупаў закліканы натхняць удзельнікаў на тое, каб працягваць ісці па шляху сінадальнасці разам з усім народам Божым, - адзначыў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ арцыбіскуп Люксембурга і генеральны рэлятар маючай адбыцца ў кастрычніку 2023 года XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў патлумачыў каштоўнасць Instrumentum laboris. Ён падкрэсліў, што працоўны дакумент – гэта ўсяго толькі адлюстраванне “незвычайнага багацця”, назапашанага падчас папярэдніх этапаў Сінадальнага шляху ў супольнасцях, парафіях, дыяцэзіях.

Мова працоўнага дакумента – гэта мова звычайных людзей, таму што ўдзельнікі Сінода імкнуцца “быць вернымі слугамі народа Божага і перадаваць тое, што пачулі ад яго”. На думку іерарха, працоўны дакумент нагадвае Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы. Гэта тэкст, якім трэба жыць, а не проста тэкст для чытання, за які галасуюць у канцы асамблеі. “Мы імкнуліся зрабіць тэкст з пытаннямі для разважанняў, якія павінны стаць часткай размовы ў Святым Духу”, - заўважыў Генеральны рэлятар Сінода, дадаючы, што “менавіта Святы Дух паказвае шлях, і гэта выдатна”.

Па словах кардынала Олерыша яго, як еўрапейца, перш за ўсё турбуе пытанне аб тым, як гаварыць пра Бога з людзьмі нашай эпохі. “Як зрабіць так, каб выказаць усю дабрыню Езуса, усю святасць Езуса, не адмяніўшы вучэнне Касцёла? Мы павінны знайсці новую мову, каб гаварыць пра Бога з канкрэтнымі людзьмі нашага часу і ўсіх кантынентаў”, – лічыць іерарх.

Удзел жанчын у жыцці Касцёла

Ён падкрэсліў, што жанчыны павінны ў поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці Касцёла, таму што хрост адзіны як для жанчын, так і для мужчын. “Я не думаю, што трэба весці размову пра жаночае святарства, але пра годнасць жанчын і пра тое, як жанчыны могуць у поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці Касцёла”, таму што “парафіяльныя святары і кардыналы могуць і самі рабіць каву”. На думку кардынала Олерыша, вельмі важна пачуць тое, што жанчыны павінны сказаць Касцёлу. “На шчасце, мы жывем у грамадстве, дзе годнасць жанчыны лічыцца вельмі высокай”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембурга.

Злоўжыванні ў Касцёле

Разважаючы пра злоўжыванні і пра тое, як паменшыць маштаб гэтай чумы, кардынал Олерыш прызнаўся, што яму балюча чытаць пра жорсткае абыходжанне і сустракацца з ахвярамі. “У такія моманты Касцёл вельмі далёкі ад Езуса”, - заўважыў ён, выказваючы спадзяванне, што ў сінадальным Касцёле злоўжыванняў будзе нашмат менш і яны будуць выяўляцца значна хутчэй, таму што дзякуючы празрыстасці “будзе цяжка нешта схаваць”. Злоўжыванні – гэта тое, што нельга цярпець у Касцёле, - адзначыў іерарх.

Прыхільнасць міру

На пытанне аб тым, які ўплыў будзе мець Сінод на пабудову міру, генеральны рэлятар падкрэсліў, што адзіны магчымы мір – справядлівы мір. Нельга быць з Богам, не знаходзячыся побач з людзьмі, пакутуючымі ад вайны ва Украіне, Сірыі, Судане і іншых канфліктах, дзе кожны дзень забіваюць людзей, гвалтуюць жанчын і дзяцей. “Гэта цалкам супярэчыць Творцу і Збаўцу. Мы павінны быць адданыя справядліваму міру. Прыхільнасць міру – частка хрысціянства”, - сказаў кардынал Олерыш.

21 чэрвеня 2023, 11:39