Пошук

Масіміліяна Мэнікэці і Андрэа Тарніелі падчас візіту ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт Масіміліяна Мэнікэці і Андрэа Тарніелі падчас візіту ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт 

Ватыканскі эксперт: нават трагічныя навіны павінны пакідаць надзею

Нам патрэбныя СМІ, якія не ўзводзяць бар’еры, а падтрымліваюць дыялог, – адзначыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду падчас візіту ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ ў Польшчы.

Ян Глінскі

Андрэа Тарніелі разам з Масіміліяна Мэнікэці, адказным за працу Ватыканскага радыё і Vatican News, прынялі ўдзел у сустрэчы са студэнтамі адной з найбуйнейшых польскіх навучальных устаноў, якая прайшла 1 чэрвеня 2023 года на тэму Сучасныя медыя і тэхналогіі ў камунікацыі Касцёла. Тарніелі нагадаў, што Евангелле распаўсюдзілася перш за ўсё дзякуючы сведчанню людзей, якія “дазволілі сябе прыцягнуць і зачараваць Езусам”

“Выклік, з якім мы стараемся радзіць кожны дзень – гэта мультымедыяльнасць. Для нас важна старацца як мага больш дзяліцца навінамі, перадаваць іх у выглядзе тэксту, аўдыё і відэа. Асаблівай увагі заслугоўваюць таксама сацыяльныя сеткі, якія да нядаўняга часу выкарыстоўваліся толькі для сігналізацыі артыкулаў ці іншага спецыяльнага кантэнту. Цяпер мы зразумелі, што яны ўсё больш і больш становяцца асобнай крыніцай інфармацыі, – адзначыў Тарніелі. – Наша галоўнае заданне – перадаваць найбольшай колькасці людзей у свеце з дапамогай усіх сродкаў і моваў словы, навучанне, сведчанне і ініцыятывы Апостальскай Сталіцы. І такім чынам прадстаўляць кампетэнтна, у адпаведным кантэксце навучанне Біскупа Рыма. Для нас гэта мае асноўнае значэнне. Мы верым, што гэта найлепшы адказ на з'яву fake news альбо на спробы інструментальнага выкарыстання Папы для ўласных мэтаў, перацягваючы яго на адзін ці другі бок”, - сказаў галоўны рэдактар ватыканскіх медыя.

Прадстаўляючы місію СМІ Святога Пасада, Андрэа Тарніелі адзначыў, што кожнае паведамленне, нават калі яно датычыць трагічных падзей, павінна несці надзею: “У нашай штодзённай працы, нават калі мы павінны гаварыць пра такія драматычныя рэаліі як вайна, мы заўсёды стараемся гэта рабіць, пакідаючы месца для зерня надзеі”.

Падчас сустрэчы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце падкрэслівалася, што сёння “патрэбны сродкі масавай інфармацыі, якія выкарыстоўваюць усе сучасныя тэхналогіі, каб несці дабро, наладжваць абмен, слухаць іншых, сведчыць аб прыгажосці хрысціянскай веры, ніколі не ператвараючы праўду або тоеснасць у палку або сцяну”.

Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ – адзін з найбуйнейшых каталіцкіх універсітэтаў у свеце і важны цэнтр каталіцкай думкі. У ім вядзецца навуковая дзейнасць, навучаецца моладзь на факультэтах тэалогіі, філасофіі, сацыяльных навук, права і гуманітарных навук, а таксама матэматычных і прыродазнаўчых навук.
 

02 чэрвеня 2023, 10:04