Пошук

Кардынал Паралін і арцыбіскуп Фізікела на адкрыцці інфармацыйнага пункта Iubilaeum 2025 Кардынал Паралін і арцыбіскуп Фізікела на адкрыцці інфармацыйнага пункта Iubilaeum 2025  (Vatican Media)

Дзяржсакратар пра здароўе Папы і місію кардынала Дзупі

Спадзяванне на тое, што пасля аперацыі Францішак хутка вернецца да сваёй дзейнасці, хоць і з бальнічнага ложка, выказаў Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін. Ён адказаў таксама на пытанні журналістаў пра міратворчую місію кардынала Дзупі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

"Мы сочым за станам здароўя Папы з любоўю, мы сочым за ім з малітвай, спадзеючыся, што ўсё вырашыцца як мага хутчэй", - заўважыў кардынал П'етра Паралін, адказваючы на пытанні журналістаў пра хірургічную аперацыю, якую зробяць Францішку 7 чэрвеня 2023 года ў бальніцы імя Агасціна Джэмэлі. Размова з журналістамі прайшла ў кулуарах мерапрыемства па адкрыцці інфармацыйнага пункта для пілігрымаў, створанага ў Ватыкане да Юбілею 2025 года. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, якога суправаджаў прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, асвяціў памяшканне даведачнага пункта.

Кардынал Паралін удакладніў, што не мае чаго дадаць да паведамлення аб шпіталізацыі Пантыфіка, распаўсюджанага раней кіраўніком Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, які “ў вельмі тэхнічнай манеры” добра “сфармуляваў праблему". Папа не перадаваў паўнамоцтваў, - дадаў Дзяржсакратар. Што тычыцца працягласці аперацыі, на яго думку, "гэта будзе некалькі гадзін, час, неабходны для аперацыі, затым Папа вернецца да сваёй дзейнасці, хоць і з бальнічнага ложка. Калі з'явяцца пытанні, якія будуць патрабаваць тэрміновага рашэння, іх прывязуць у шпіталь".

На пытанне журналістаў пра міратворчую місію кардынала Матэа Дзупі Дзяржсакратар адказаў так: "Місія кардынала Дзупі была задумана як супрацоўніцтва, дадатковы ўнёсак, які Святы Пасад можа зрабіць у справу міру". "Я мяркую, што не адбылося нічога новага ў параўнанні з тым, што патлумачыў Францішку прэзідэнт Зяленскі на аўдыенцыі 13 мая 2023 года, калі ўкраінскі лідар звярнуўся да Пантыфіка і Святога Пасада па дапамогу выключна для таго, каб вярнуць дадому дэпартаваных у Расію ўкраінскіх дзяцей і зноў прапанаваў украінскую формулу міру як адзіны эфектыўны алгарытм дасягнення справядлівага міру. Пазіцыя Украіны застаецца такой, - растлумачыў Паралін, - але той факт, што мы гаворым адзін з адным і чуем іншыя пазіцыі і перспектывы, безумоўна, можа быць карысным і спрыяць міру".

Адказваючы на пытанне пра магчымую паездку кардынала Дзупі ў Маскву, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца паведаміў, што далейшыя крокі неабходна абмеркаваць з самім Дзупі. "Ідэя Папы заключаецца ў тым, каб правесці місію ў абедзвюх сталіцах, перспектыва наведвання Масквы павінна заставацца адкрытай", - заўважыў ён. Плануецца, што сустрэча Дзяржсакратара з кардыналам Дзупі адбудзецца, "як толькі ён вернецца", затым будзе праінфармаваны Францішак.

07 чэрвеня 2023, 14:35