Пошук

Прэзентацыя Глабальнай сямейнай дамовы ў ватыканскай Зале друку Прэзентацыя Глабальнай сямейнай дамовы ў ватыканскай Зале друку 

Ватыкан: глабальная дамова на карысць сужэнства, сям'і і жыцця

30 мая 2023 года ў Ватыкане прайшла прэзентацыя сумеснай ініцыятывы Family Global Compact, якую рэалізуюць Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Папская акадэмія сацыяльных навук.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мэта Глабальнай сямейнай дамовы – спрыяць дыялогу паміж сямейным душпастырствам на месцах і каталіцкімі інтэлектуальнымі цэнтрамі, якія займаюцца даследаваннямі сям'і. Удзел універсітэтаў дазволіць данесці пасланне аб каштоўнасці сям'і да шырокай аўдыторыі, далёкай ад касцёльных структур, - адзначыў у сваім пасланні да ўдзельнікаў прэзентацыі кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

На прэзентацыі быў прадстаўлены дакумент, натхнёны апостальскай адгартацыяй Францішка Amoris Laetitia. Чакаецца, што ён дазволіць прыцягнуць больш ўвагі да сям'і, паказаць яе прыгажосць моладзі і грамадству, - адзначыла падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Габрыэла Гамбіна. У грамадстве, дзе пануе індывідуалізм, неабходна зразумець каштоўнасць адказных сямейных адносін, таму што стабільная сям'я можа стаць рухавіком ва ўсіх сферах: у эканоміцы, праве, палітыцы, сацыяльных паслугах, і не толькі, - лічыць яна.

На думку чальца Папскай акадэміі сацыяльных навук П’ерпаола Данаці, глабальная ініцыятыва імкнецца раскрыць свет прыгожых і пазітыўных сямейных адносін, супрацьлеглы дамінуючай культуры індывідуалізму. “Сям’я не ў крызісе, ёй замінае агульнае культурнае асяроддзе", - лічыць сацыёлаг.

Данаці ўдакладніў, што падчас падрыхтоўкі дамовы ў лістападзе 2021 года было праведзена анкетаванне, якое дазволіла даведацца, у якіх каталіцкіх універсітэтах існуюць цэнтры сямейных даследаванняў і чым яны займаюцца. Гэта дапаможа аб’яднаць інтэлектуальныя структуры ў сетку, развіваць і пашыраць яе.

Толькі 73 навучальныя ўстановы пацвердзілі, што маюць даследчыя цэнтры, прысвечаныя пытанням сям'і, 30 з іх даслалі поўную інфармацыю. Вынікі гэтага анкетавання будуць неўзабаве апублікаваныя.

На пытанне аб тым, чаму вывучэнню сям'і надаецца адносна мала ўвагі нават у каталіцкіх універсітэтах, сацыёлаг адказаў, што ў грамадстве, дзе пераважнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца грошы і ўлада, сям'я страчвае каштоўнасць, бо не прыносіць ні грошай, ні ўлады. Акрамя таго, вывучэнне сям'і – доўгатэрміновы праект, які не дае неадкладных матэрыяльных вынікаў, як, напрыклад, кароткатэрміновыя даследаванні эканамічнага сектара або медыцынскіх паслуг. Таму ўніверсітэты павінны змяніць сваю шкалу каштоўнасцей і надаваць больш увагі вывучэнню сям'і, якая з'яўляецца асновай грамадства і “можа выратаваць насельніцтва ад адзіноты, старэння і дэмаграфічнай зімы”, - лічыць Данаці.

31 мая 2023, 12:17