Пошук

Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане праведзена рэстаўрацыя ўнікальных егіпецкіх статуй

4 мая 2023 года ў канферэнц-зале Ватыканскіх музеяў адбудзецца прэзентацыя Праекта Сехмет, накіраванага на вывучэнне статуй егіпецкай багіні вайны, помсты і пякучага сонца, якія захоўваюцца ў музейнай калекцыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Праект Сехмет быў распачаты Ватыканскімі музеямі ў 2017 годзе. У яго рамках вывучаюцца адзінаццаць гранадыярытавых статуй жанчыны з галавой ільвіцы – так звычайна адлюстроўвалі багіню вайны ў Старажытным Егіпце. Дакладнае паходжанне скульптур не ўстаноўлена. Яны былі набыты для Ватыканскіх музеяў у першай палове XIX стагоддзя з калекцыі Кавацы-Гвідзі.

На першым этапе праекта была праведзена рэстаўрацыя адзінаццаці статуй, якія захоўваюцца ў Грыгарыянскім егіпецкім музеі. Важныя навуковыя вынікі, атрыманыя ў ходзе рэстаўрацыі, былі распрацаваныя сумесна з Турынскім егіпецкім музеем, у якім захоўваюцца дваццаць тры статуі багіні Сехмет. Даследаванні пацвердзілі недвухсэнсоўныя сляды афарбоўкі, цалкам перагортваючы ўспрыманне гэтых старажытных храмавых статуй.

Ватыканскі праект супрацоўнічае таксама з праектам па захаванні калосаў Мемнана і храма Аменхатэпа III у Фівах. Апошні з’яўляецца найбуйнейшым і самым незвычайным храмам з калі-небудзь знойдзеных у Егіпце. Пабудаваны ў 1390-1353 гады да нашай эры, прыкладна праз 150 гадоў ён быў разбураны жахлівым землятрусам. Менавіта з гэтага храма паходзяць каля 300 статуй багіні Сехмет, якія сёння захоўваюцца ў Егіпце. Яшчэ каля 250 статуй паходзяць з храма багіні Мут у Карнаку, і каля 300 скульптур параскіданы па шматлікіх музеях свету. Гэта была найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва серыйная вытворчасць скульптур, прысвечаных аднаму персанажу.

Пра стварэнне статуй, на якія, безумоўна, пайшлі велізарныя выдаткі сродкаў і людскіх рэсурсаў, вядома мала. Невядома, колькі часу спатрэбілася, каб іх стварыць, колькі людзей працавала над імі, як была арганізавана праца, дзе яны вырабляліся, і, не ў апошнюю чаргу, як яны першапачаткова размяшчаліся ў храме Аменхатэпа III.

Канферэнцыя стане неацэннай магчымасцю пазнаёміць удзельнікаў са складанасцямі, асаблівасцямі і вынікамі даследавання гэтых старажытнасцей.

03 мая 2023, 14:00