Пошук

Кардыналы Шон О'Мэлі і Лазарус Ю Хын-Сік падчас падпісання пагаднення Кардыналы Шон О'Мэлі і Лазарус Ю Хын-Сік падчас падпісання пагаднення 

Святы Пасад: чарговае міждыкастэрыяльнае пагадненне

26 мая 2023 года Папская камісія па абароне непаўналетніх і Дыкастэрыя па справах духавенства падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве і абмене інфармацыяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта другое такога роду пагадненне паміж Камісіяй і курыяльнай установай пасля таго, як Папа Францішак рэфармаваў Рымскую курыю апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium.

Дакумент, падпісаны кардыналам Лазарусам Ю Хын-Сікам і кардыналам Шонам О'Мэлі, вызначае тры асноўныя сферы агульнага інтарэсу:

Па-першае, служэнне ахвярам – праца над стварэннем прасторы і структур у межах юрысдыкцыі Дыкастэрыі, дзе будуць вітаць і выслухоўваць ахвяр і тых, хто імкнецца паведаміць пра выпадкі злоўжыванняў.

Па-другое, служэнне мясцовым Касцёлам – супрацоўніцтва ў аспектах абароны, якія змяшчаюцца ў Ratio Nationalis, дакуменце, распрацаваным і прынятым кожным канкрэтным Касцёлам, які рэгулюе ўсе аспекты падрыхтоўкі святароў, адаптуючы іх да мясцовага культурнага кантэксту.

Па-трэцяе, служэнне ў падрыхтоўцы святароў – спрыянне першапачатковай і пастаяннай фармацыі духавенства ў напрамку большай адчувальнасці да абароны непаўналетніх і ўразлівых у Касцёле.

Супрацоўніцтва паміж установамі Рымскай курыі забяспечыць інфармацыю для штогадовай справаздачы Камісіі, пра што прасіў асабіста Святы Айцец.

“Пагадненне з Дыкастэрыяй па справах духавенства дазваляе нам адкрыць важныя каналы сувязі з структурай, якая служыць адукацыі нашых святароў ва ўсім свеце. (...) Вельмі важна сачыць за тым, каб іх жыццё і служэнне адпавядалі добрай палітыцы і працэдурам, якія тычацца аховы непаўналетніх і ўразлівых людзей”, - адзначыў кардынал О'Мэлі.

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, карэйскі кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, вітаў пашырэнне супрацоўніцтва і выказаў спадзяванне на тое, што дзякуючы яму каталіцкім святарам будзе прапанаваны перадавы вопыт і метады прафілактыкі ў сферы абароны непаўналетніх.
 

30 мая 2023, 11:22