Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (FOTO © MUSEI VATICANI - GOVERNATORATO SCV)

Святы Айцец правёў рэформу Асноўнага закона Дзяржавы Ватыкан

Францішак зацвердзіў новы Асноўны закон Дзяржавы Ватыкан. Ён заменіць сабой канстытуцыю Яна Паўла ІІ ад 26 лістапада 2000 года. Галоўная мэта рэформы – адказаць на патрэбы бягучага часу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Змена ўпісваецца ў рамкі шматлікіх рэформ, распрацаваных і рэалізаваных за дзесяць гадоў пантыфікату Францішка. Фактычна, Закон “пераймае і завяршае” нарматыўныя і інстытуцыянальныя абнаўленні, уведзеныя ў Дзяржаве з рэформай Закона аб крыніцах права, Закона аб дзяржаўным кіраванні і Закона аб судовай сістэме.

Як і ў Канстытуцыі 2000 года, Папа пацвярджае “паўнату ўлады” Вярхоўнага Пантыфіка, “якая ўключае ў сябе заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады”. Таксама пацвярджаецца "выключная асаблівасць і аўтаномія прававой сістэмы Ватыкана", адрозная ад сістэмы права Рымскай курыі. Пацвярджаецца юрысдыкцыя Дзяржавы над экстэрытарыяльнымі абласцямі, а дакладней "ажыццяўленне любой паслядоўнай улады над тэрыторыяй, вызначанай Латэранскімі пагадненнямі, а таксама ў будынках і на тэрыторыях, дзе знаходзяцца ўстановы Дзяржавы або Святога Пасада і дзейнічаюць асабістыя і функцыянальныя гарантыі і імунітэт у адпаведнасці з міжнародным правам".

Папа таксама пацвярджае заканадаўчую функцыю Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, якая дагэтуль складалася з кардынала-старшыні (які адначасова з’яўляецца кіраўніком Губернатарата) і іншых кардыналаў. З новым Асноўным законам – і гэта адна з навінак – акрамя кардыналаў у Камісію ўвойдуць таксама “іншыя чальцы”, прызначаныя Святым Айцом на пяцігадовы тэрмін. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра свецкіх мужчын і жанчын.

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне датычыцца больш строгага і дэталёвага рэгулявання бюджэту і канчатковага балансу, які штогод прымае Папская камісія, “у адпаведнасці з правіламі бухгалтарскага ўліку” і “з актамі, якія маюць сілу закона”. Камісія прымае рашэнне аб трохгадовым фінансавым плане, прадстаўляючы “гэтыя акты непасрэдна на зацвярджэнне Вярхоўнаму Пантыфіку”. Бюджэт павінен забяспечваць “баланс даходаў і выдаткаў” і быць натхнёны “прынцыпамі яснасці, празрыстасці і справядлівасці”.
 

13 мая 2023, 12:16