Пошук

Выстава "Жаночы крык" у Ватыкане Выстава "Жаночы крык" у Ватыкане 

На плошчы святога Пятра адкрылася фотавыстава Жаночы крык

На працягу мая каланада Берніні на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане ператворыцца ў выставачную пляцоўку. З 2 мая 2023 года тут праводзіцца фотавыстава Жаночы крык.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Экспазіцыя складаецца з 26 здымкаў, зробленых камандай 8 фатографаў з розных краін свету, якія ўзялі на сябе задачу засведчыць часта схаваны крык жаночага болю, а таксама моц і чалавечнасць жанчыны.

Прадстаўленыя на выставе фотаздымкі былі зроблены ў фавэлах на паўночным усходзе Бразіліі, на астравах Грэцыі, на ўкраінскай мяжы, у гарах Анатоліі, у Індыі і Бангладэш.

Выявы суправаджаюцца фразамі з энцыклікі Fratelli tutti, якая заклікае ўсіх да братэрства і сацыяльнага сяброўства.

"Фотаздымкам часам удаецца зазірнуць унутр нас, дапамагчы нам расплюшчыць вочы нашага сэрца, ператварыць нас, раскрываючы сакрэт бачання таго, што невідавочнае", - лічыць Прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні. - Гэта маўклівы крык, які парушае абыякавасць, патрабуючы ад тых, хто на іх глядзіць, пераменаў”.

Менавіта пераменаў у жыцці "нябачных" жанчын імкнецца дасягнуць арганізатар выставы, Сусветны саюз каталіцкіх жаночых арганізацый, які аб’ядноўвае 8 мільёнаў жанчын. Па словах яго кіраўніцы Марыі Ліі Дзэрвіна, прыгажосць мастацкай фатаграфіі можа паўплываць на нашу эстэтычную адчувальнасць і дасягнуць нашай свядомасці.

Плануецца, што, акрамя Рыма, выстава пройдзе ў Канах, Венецыі, Нью-Ёрку, а таксама ў Руандзе.

02 мая 2023, 14:08