Пошук

Fully Present EN

Дыкастэрыя па камунікацыі: дапаможнік па жыцці ў лічбавым свеце

Насустрач поўнай прысутнасці – гэта новы дакумент ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі, які прапануе душпастырскае разважанне аб узаемадзеянні людзей у лічбавай сферы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэкст, апублікаваны 29 мая 2023 года, натхнёны прыпавесцю пра Добрага Самараніна. Ён мае на мэце распачаць сумесную рэфлексію для прасоўвання культуры “міласэрнага бліжняга” ў лічбавай сферы.

У кантэксце сацыяльных сетак, дзе людзі часта з’яўляюцца і спажыўцамі, і таварам, гэта душпастырскае разважанне шукае адказу, заснаванага на веры. Пошук пачынаецца з распазнання стымулаў, якія мы атрымліваем, і ўважлівага слухання. Уважлівасць, разам з пачуццём прыналежнасці, узаемнасці і салідарнасці, з'яўляюцца стаўпамі пабудовы пачуцця адзінства, якое ў канчатковым рахунку павінна пашырыць магчымасці мясцовых суполак, дазваляючы ім стаць рухавікамі перамен.

Становячыся “ткачамі камуніі” праз творчасць любові, мы можам прадбачыць новыя мадэлі, заснаваныя на даверы, празрыстасці і інклюзіі, вучыцца прысутнічаць у стылі Бога і несці знак сведчання.

Дакумент вызначае некалькі падводных камянёў, якіх варта пазбягаць пры падарожжы па “лічбавых дарогах”: ад звядзення асобных карыстальнікаў да спажыўцоў і тавараў да стварэння “індывідуалістычнай прасторы”, нацэленай на аднадумцаў і стумулюючай экстрэмальныя паводзіны. У падарожжы па сеткавым асяроддзі многія спазналі маргіналізацыю і пакуты. Для хрысціян гэта ставіць пытанне: як мы можам зрабіць лічбавую экасістэму месцам абмену, супрацоўніцтва і прыналежнасці на аснове ўзаемнага даверу?

Чалавек становіцца бліжнім у асяроддзі сацыяльных сетак, калі ў ім узнікае гатоўнасць выслухаць, ведаючы, што тыя, каго ён сустракае у інтэрнэце, з'яўляюцца рэальнымі людзьмі.

У нашым лічбавым падарожжы мы можам сустрэць іншых або ў духу абыякавасці, або ў духу падтрымкі і сяброўства, - адзначаецца ў новым дапаможніку. У апошнім выпадку мы, якія часам бываем Добрымі Самаранамі, а часам – параненымі, можам пачаць дапамагаць загойваць раны, створаныя таксічным лічбавым асяроддзем. Нам трэба аднавіць лічбавую прастору, каб яна стала больш чалавечнайі здаровай.

Хрысціяне прыўносяць у сацыяльныя сеткі своеасаблівы стыль, стыль дзялення, крыніцай якога з’яўляецца Хрыстус, Які палюбіў нас і аддаў сябе за нас сваімі словамі, учынкамі, душой і целам. Ён вучыў нас, што праўда адкрываецца ў камуніі і што камунікацыя таксама вынікае з камуніі, гэта значыць з любові, - звяртаюць увагу аўтары разважання.

Прысутнасць хрысціян у лічбавай рэальнасці павінна насіць характар сведчання. Іх выпадковыя сустрэчы ў сацыяльных сетках павінны стаць сустрэчамі з бліжнім, жыццё якога іх хвалюе, і, такім чынам, сустрэчамі з Панам.
 

30 мая 2023, 09:53