Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (www.diocese-porto.pt)

Ватыканскі кардынал пра змену вобраза святара ў Касцёле

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю Хын Сік выступае за змяненне вобраза святароў у Каталіцкім Касцёле. 71-гадовы іерарх даў інтэрв'ю ватыканскай L'Osservatore Romano.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Святары павінны заўсёды памятаць, што святарства, якое вынікае з пасвячэння, існуе толькі таму, што ёсць агульнае святарства ўсіх ахрышчаных, а не наадварот", - сказаў ураджэнец Паўднёвай Карэі, які сам паходзіць з нехрысціянскай сям'і і быў ахрышчаны ва ўзросце 16 гадоў.

Кардынал Ю, які адказвае за падрыхтоўку і дысцыпліну каля 500 тысяч каталіцкіх святароў ва ўсім свеце, адзначыў, што “духавенства заклікана паказваць людзям шлях да Божай любові; гэта можа стаць паспяховым толькі ў тым выпадку, калі яно само жыве ў адпаведнасці з ёй". Прычым "любоў – гэта не імкненне да дасканаласці, якому перашкаджаюць чалавечыя абмежаванні, а міласэрнае прыняцце сваіх абмежаванняў".

Гаворачы пра ролю жанчыны ў Каталіцкім Касцёле, карэйскі кардынал заўважыў: “Мы ўсё яшчэ часта ствараем уражанне, што мы – свет мужчын, і таму часта маем дрэнную рэпутацыю ў грамадстве. Але дзякуючы імпульсу Папы Францішка і развіццю тэалогіі і душпастырскага служэння, Касцёл знаходзіцца на шляху перамен”. Кіраўнік Дыкастэрыі па справах духавенства лічыць, што сёння “неабходна знайсці добрыя і жыццяздольныя спосабы пераадолення некаторых кананічных абмежаванняў на лідарства і адказнасць у Касцёле”.
 

19 красавіка 2023, 13:19