Пошук

Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Олерыш: Сінод – для адзінства ў служэнні Богу і людзям

У цэнтры ўвагі кастрычніцкага Сінода Біскупаў будзе знаходзіцца менавіта сінадальнасць, а не іншыя тэмы, якія ўздымаліся падчас папярэдніх этапаў сінадальнага працэсу, - заўважыў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 года ў Ватыкане, прыме ўдзел значная колькасць членаў з правам голасу, якія не з’яўляюцца біскупамі: святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў. Галоўны рэлятар Сінода нагадаў, што раней яны таксама бралі ўдзел у сінадальных сходах, але іх колькасць была значна меншай. Сапраўдным новаўвядзеннем на гэтай Асамблеі стане ўдзел жанчын з правам голасу, - падкрэсліў ён у інтэрв’ю Vatican News.

Іерарх заўважыў, што гаворка ідзе пра прадстаўнікоў Божага народа, якія бралі актыўны ўдзел у іншых фазах сінадальнага працэсу і будуць прысутнічаць на Асамблеі разам са сваімі пастырамі.

Сінод застанецца Сінодам Біскупаў, бо біскупы складаюць у ім большасць, - запэўніў кардынал, дадаючы, што менавіта біскупам належыць здзяйсняць распазнаванне. У сваю чаргу “прадмет распазнавання” прапануецца Божым народам. Новых членаў Сінода, трэба ўспрымаць хутчэй як сведкаў і носьбітаў памяць пра сінадальны працэс, якія праходзіў дагэтуль, - зазначыў арцыбіскуп Люксембургскі.

Кардынал Олерыш падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі кастрычніцкага сходу будзе знаходзіцца менавіта сінадальнасць, а не іншыя тэмы, якія ўздымаліся падчас папярэдніх этапаў Сінода.

На думку іерарха, сінадальнасць – гэта “адказ на хваробу нашага часу”, бо “тое, што характарызуе нашу постмадэрнісцкую ці лічбавую эпоху, гэта індывідуалізм, які ўмацоўваецца кожны дзень”. Іншая праблема – палярызацыя. Таму сінадальнасць, якая прадугледжвае сумеснае пілігрымаванне, узаемнае слуханне, дыялог і супольнае распазнаванне Божай волі пад кіраўніцтвам Святога Духа – адказ на згаданыя выклікі.

Кардынал зазначыў, што гаворка не ідзе пра “пэўнага роду касцёльны парламентарызм”, які больш уласцівы “сінадальнасці нашых братоў пратэстантаў”. “Мы павінны практыкаваць каталіцкую сінадальнасць, якая адрозніваецца”, - сказаў ён, нагадваючы пра існаванне ў Касцёле калегіяльнасці біскупаў і першынства Наступніка святога Пятра, якому належыць апошняе слова. Іерарх падкрэсліў, што каталіцкая сінадальнасць прадугледжвае супольны шлях, сумесны пошук Божай волі, а не прыняцце рашэнняў большасцю галасоў, бо гэта “знішчае Касцёл”.
 

27 красавіка 2023, 11:28