Пошук

Папа Францішак і арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача Папа Францішак і арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача 

Папскі дыпламат: Pacem in terris працягвае ўказваць шлях да міру

Энцыкліка Pacem in terris працягвае заставацца пуцяводнай зоркай, якая ўказвае шлях да міру, - адзначыў арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача ў інтэрв’ю Vatican News з нагоды набліжэння 60-годдзя дакумента святога Яна ХХІІІ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью Ёрку нагадаў, што энцыкліка была напісана пасля Карыбскага крызісу – першага ў гісторыі вялікага міжнароднага канфлікту з высокай рызыкай знішчэння планеты ў выніку ядзернай вайны. У ёй прысутнічаюць многія тэмы, якія застаюцца актуальнымі дагэтуль, напрыклад заклік да раззбраення, - падкрэсліў папскі дыпламат.

Энцыкліка выразна папярэджвае аб неабходнасці “пераадолення логікі пабудовы адносін, заснаваных на страху перад іншым і, такім чынам, на балансе тэрору, а не ўзаемнага даверу”. Яна заклікае перайсці “ад логікі сутыкнення да логікі сустрэчы, ад супрацьстаяння да супрацоўніцтва і ад варожасці да братэрства, гэта значыць да “цэласнага раззбраення”, - заўважыў арцыбіскуп.

Іерарх звярнуў увагу таксама на актуальнасць заклікаў Яна XXIII спыніць гонку ўзбраенняў, асабліва тых, якія могуць знішчыць усё жывое на планеце, і скіраваць рэсурсы, прызначаныя на яе распрацоўку, на падтрымку чалавечага жыцця і ахову навакольнага асяроддзя. Дыпламат зазначыў, што ў наш час існуе рызыка страты ўсіх дасягненняў на шляху да раззбраення, зробленых дагэтуль, а таксама аддалення ад мэты, выражанай у энцыкліцы словамі пра неабходнасць забароны ядзернай зброі.

Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што Pacem in terris з’яўляецца першай энцыклікай, у якой згадваецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый: ёй прысвечаны цэлы раздзел папскага дакумента. Праз год пасля яго публікацыі Святы Пасад прызначыў свайго Пастаяннага назіральніка пры ААН, а яшчэ праз год – у кастрычніку 1965 – у яе сядзібе ў Нью-Ёрку выступіў Павел VI. Дух энцыклікі Pacem in terris працягвае натхняць штодзённую дзейнасць місіі Святога Пасаду пры гэтай міжнароднай арганізацыі.

Гаворачы пра рэформу ААН, каб згодна са словамі Яна XXIII, яна “ў сваіх структурах і інструментах усё больш і больш адпавядала маштабам і высакароднасці задач, якія стаяць перад ёй”, ватыканскі дыпламат заўважыў, што часткова яна ўжо адбываецца. Гэта датычыць, напрыклад, пераасэнсавання і пашырэння Рады Бяспекі, пытання вета, больш важнай ролі Генеральнай Асамблеі, адпаведнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці, свету культуры і прыватнага сектару.

На думку папскага прадстаўніка ў ААН, усё гэта павінна служыць фундаментальным мэтам арганізацыі, пра якія добра сказана ў яе Статуце: “пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны; умацаваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і вартасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый; стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасць і павага да абавязацельстваў, што вынікаюць з дагавораў і іншых крыніц міжнароднага права; садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоў жыцця пры большай свабодзе”.

Каментуючы каштоўнасць энцыклікі ў кантэксце пошуку магчымасцей для завяршэння вайны ва Украіне, арцыбіскуп Кача нагадаў, што менавіта натхняючыся ёй, Францішак сказаў прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, што “мір магчымы ў святле чатырох фундаментальных даброт: праўды, справядлівасці, салідарнасці і свабоды”, якія “рэгулююць адносіны як паміж людзьмі, так і паміж палітычнымі супольнасцямі”. Таксама спасылаючыся на Pacem in terris Францішак кажа пра амаральнасць не толькі выкарыстання, але і валодання ядзернымі ўзбраеннямі. “Мы спадзяемся і працуем над тым, каб гэтыя словы знаходзілі ўсё больш месца ў сумленні кожнага чалавека “добрай волі” і канкрэтным ажыццяўленні ў інструментах і рашэннях, якія ёсць у распараджэнні лідараў народаў і міжнароднай супольнасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача.
 

08 красавіка 2023, 12:51