Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскія музеі знаёмяць з жаночым геніем у Касцёле

Ватыканскія музеі распрацавалі спецыяльны экскурсійны маршрут, які распавядае пра гісторыі святых жанчын з дапамогай твораў мастацтва з папскіх калекцый.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сярод экспанатаў, з якімі прапануецца пазнаёміцца ў кантэксце Міжнароднага жаночага дня, карціны выбітных майстроў, прысвечаныя святой Алене, святой Кацярыне Сіенскай, святой Схаластыцы, а ў першую чаргу – Найсвяцейшай Панне Марыі.

“Жаночы” маршрут пралягае праз Музей Піа-Крысціяна, Ватыканскую пінакатэку і завяршаецца ў Сікстынскай капэле, дзе на прыкладзе фрэсак, створаных Мікеланжэла, можна ўбачыць жаночую прысутнасць ва ўсёй гісторыі сусвету: ад стварэння да Страшнага суда.

Першыя экскурсіі па спецыяльныя маршруце адбыліся 4 і 8 сакавіка, яшчэ адна будзе праводзіцца 11 сакавіка. Яны адбываюцца на англійскай і італьянскай мовах і даступны для ўсіх катэгорый наведвальнікаў, у тым ліку для сем’яў з дзецьмі.

“Жанчына робіць свет прыгожым. Гэты цудоўны выраз папы Францішка – праўдзівы”, - заўважыла ў інтэрв’ю Vatican News cястра Эмануэла Эдвардс, кіраўніца аддзела дыдактычнай дзейнасці Ватыканскіх музеяў. Яна падкрэсліла, што наведванне экспазіцыі па спецыяльным маршруце, дазваляе глыбей асэнсаваць наколькі багатым з’яўляецца ўклад шматлікіх жанчын у гісторыю Касцёла.

“Гэта праўда, што многія жанчыны здабылі святасць, цалкам прысвячаючы сябе служэнню ў сям’і, грамадстве і Касцёле. Сёння мы ўзгадваем пра ўсіх жанчын і дзякуем кожнай з іх за ўклад у жыццё нашага свету”, - дадала сястра Эмануэла Эдвардс.
 

08 сакавіка 2023, 13:09