Пошук

Ватыканскія музеі: вернуты з-пад абломкаў крыж

У Ватыканскіх музеях ідзе выстава “Фрагменты надзеі”, прысвечаная незвычайнай рэстаўрацыі крыжа святога Яўціхія, які разбіўся падчас землятрусу ў цэнтральнай Італіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

26 кастрычніка 2016 года ў цэнтральнай частцы Італіі адбыўся моцны землятрус, які пасеяў смерць, страх і разбурэнне. У правінцыі Перуджы, недалёка ад мястэчка Прэчы, абрынуўся старажытны бэнэдыктынскі кляштар. Падземныя штуршкі скінулі на зямлю велізарнае распяцце, якое ўзвышалася над алтаром капліцы святога Яўціхія. Шэдэўр, створаны каля 1472 года мастаком сіенскай школы Міколам дзі Улісэ (Nicola di Ulisse da Siena), разбіўся на больш за 30 фрагментаў. Некалькі тыдняў яны праляжалі ў пылу сярод абломкаў.

Ватыканскія майстры-рэстаўратары правялі вельмі складаную і далікатную працу: сабралі крыж па кавалку, як галаваломку. Дзякуючы іх прафесіяналізму, укрыжаванне святога Яўціхія атрымала ранейшы выгляд і можа працягваць захапляць аматараў мастацтва і вернікаў, для якіх яно з'яўляецца духоўным сімвалам надзеі і веры. Па словах дырэктара Ватыканскіх музеяў Барбары Яты, рэстаўратары ўклалі ў крыж свае сэрцы і рукі, каб вярнуць гэты аб'ект пакланення вернікам, якія жывуць на разбуранай землятрусам зямлі.

Праект рэстаўрацыі крыжа распачаўся ў ліпені 2018 года, калі яго перанеслі ў ватыканскую майстэрню. “Калі мы прынялі гэтую працу і ўбачылі больш за 30 фрагментаў, быў момант замяшання, і толькі калі мы расклалі крыж на стале, то зразумелі, што, магчыма, зможам гэта зрабіць”, - распавяла кіраўніца Лабараторыі рэстаўрацыі карцін і драўляных матэрыялаў Франчэска Пэрсігаці.

Заканчэнне рэстаўрацыі крыжа супала са святкаваннем першага стагоддзя майстэрні. Па словах Барбары Яты, “гэта самая старая майстэрня ў музеях, а таксама самая шматлікая. Яе стогадовы юбілей вельмі важны, таму што дазваляе падвесці вынік зробленага за гэты час: ад рэстаўрацыі Сіксцінскай капэлы да станцаў Рафаэля і апартаментаў Борджа, ад нядаўняй рэстаўрацыі абраза Salus Populi Romani да крыжа святога Яўціхія”. Апошні артэфакт, дарэчы, не з'яўляецца часткай калекцыі Ватыканскіх музеяў, аднак яго рэстаўрацыя сведчыць пра ўвагу Папы да захавання рэлігійнай мастацкай спадчыны. “Рукі і сэрца вяртаюць прыгажосць і надзею”, - падагульніла спадарыня Ята.

Пасля выставы ў ватыканскай Пінакатэцы артэфакт вернецца туды, дзе ён быў прадметам духоўнага пакланення і малітвы на працягу больш за 500 гадоў. Летам 2023 года распяцце будзе выстаўлена ў дыяцэзіяльным музеі Спалета. Яго далейшы лёс вырашыць арцыбіскуп, бо кляштар, з якога яно паходзіць, усё яшчэ пашкоджаны, вядзецца рэканструкцыя.

06 сакавіка 2023, 14:34