Пошук

Карціна Уга да Карпі для алтара святой Веранікі ў ватыканскай базыліцы Карціна Уга да Карпі для алтара святой Веранікі ў ватыканскай базыліцы 

У базыліцы святога Пятра экспануецца карціна Уга да Карпі

З 25 лютага па 16 мая 2023 года ў музеі базылікі святога Пятра ў Рыме будзе выстаўлена карціна італьянскага мастака і гравёра Уга да Карпі. Твор адлюстроўвае святую Вераніку, якая, стоячы паміж апосталамі Пятром і Паўлам, разгортвае хустку з абліччам Езуса.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Хустка святой Веранікі – адзіная вядомая карціна, створаная Уга да Карпі для алтара рэліквіі, якая захоўваецца ў ватыканскай базыліцы.

“Гэта невялікая выстава, якая аднак мае вялікае значэнне для веры і мастацтва”, - пракаментаваў падзею архіпрэзбітэр галоўнага ватыканскага храма кардынал Маўра Гамбэці, дадаючы, што падчас Вялікага посту выява рэліквіі з'яўляецца запрашэннем да разважання і малітвы, а таксама “моцным заклікам наведаць ватыканскую базыліку – гасціннае месца для жанчын і мужчын, якія з усіх канцоў свету прыходзяць да магілы апостала Пятра”.

Акрамя таго, выстава з'яўляецца першым крокам у рэканструкцыі музея базылікі святога Пятра праз пяцьдзясят гадоў пасля яго адкрыцця. У перспектыве, у сувязі з набліжэннем Святога 2025 года, плануецца, што ў музеі будзе створана выставачная прастора, прысвечаная невялікім часовым экспазіцыям.

Алтарная выява святой Веранікі была створана Уга да Карпі напярэдадні юбілею 1525 года. Карціна была "створана без пэндзля", як напісаў на ёй сам мастак. Гэта пацвердзіў і італьянскі мастацтвазнаўца Джорджа Вазары, які бачыў карціну разам з Мікеланджэла.

“Гэты твор адзіны ў сваім родзе, - падкрэсліў кардынал Гамбэці, - таму што выкананы не ў тэхніцы мастацкага жывапісу, а як гравюра з выкарыстаннем некалькіх друкаваных формаў-матрыц. У гэтай тэхніцы прадпрымальны і геніяльны мастак з мястэчку Карпі быў самым дасканалым майстрам свайго часу. Насамрэч, больш, чым карцінай, гэты твор можна лічыць каляровым адбіткам, адціснутым на дошцы, што сугучна адбітку святога аблічча Пана, які, згодна з традыцыяй, захаваўся на хустцы Веранікі".

Пілігрымы і наведвальнікі храма могуць пабычыць выставу Уга да Карпі штодзень у гадзіны адкрыцця базылікі.

02 сакавіка 2023, 14:05