Пошук

Арцыбіскуп Галахер падчас візіту ва Украіну Арцыбіскуп Галахер падчас візіту ва Украіну 

Сакратар па адносінах з дзяржавамі: робім усё магчымае для Украіны

Мы намагаемся рабіць усё, што магчыма, - падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, гаворачы пра намаганні Апостальскай Сталіцы, накіраваныя на пошук міру ва Украіне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Відавочна, што на дадзены момант найвялікшым дыпламатычным выклікам для свету і міжнароднай супольнасці з’яўляецца вайна ва Украіне”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю тэлеканалу EWTN.

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі згадаў пра свой візіт ва Украіну. Ён заўважыў, што ў Бучы, Ірпені і некаторых раёнах Кіева мог на ўласныя вочы ўбачыць наступствы расійскай агрэсіі.

Папскі дыпламат прызнаўся, што найбольшае ўражанне на яго зрабілі “людзі, якія вельмі мужныя і рашучыя перад абліччам велізарных выклікаў”. Ён назваў украінцаў непахісным народам: яны прадэманстравалі гэту рысу, абараняючы сваю краіну на пачатку ўварвання, калі гэтага ніхто не чакаў, і працягваючы рабіць гэта да сённяшняга дня.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі перакананы, што трэба ўвесь час шукаць новыя шляхі для выйсця з сітуацыі вайны, хоць цяпер гэта выглядае нерэальна. “Мы можам намагацца падтрымліваць тое, што я называю марай пра мір”, - падкрэсліў ён, адказваючы на пытанне пра магчымы ўклад Святога Пасаду на карысць заканчэння вайны.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што Апостальскай Сталіца заклікае да дыялогу і міру, разумеючы, што гэта цяжкія словы ў наш час. “Мы разумеем пакуты ўкраінскага народа”, - дадаў ён. Святы Пасад гатовы ўдзельнічаць у кожнымі мірным працэсе, у кожных перамовах і аказваць усебаковую дапамогу, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што ватыканская дыпламатыя намагаецца спрыяць абмену палоннымі, а таксама спрабуе дапамагчы ў справе дэпартаваных дзяцей, у чым ужо ёсць некаторыя вынікі.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі дапускае, што наперадзе можа быць доўгая вайна на знясіленне. “Супраціў можа быць моцным. Але агрэсія таксама вельмі моцная. Таму я думаю, што трэба рыхтавацца да доўгага шляху. І мы таксама павінны ў пэўным сэнсе паспрабаваць даказаць, што я памыляюся, гэта значыць, што ёсць магчымасць як мага хутчэй дасягнуць рашэння на карысць трывалага і справядлівага міру”, - заключыў ён.
 

18 сакавіка 2023, 10:32