Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса  (Vatican Media)

Папскі прапаведнік: спрыяць асабістай сустрэчы людзей з Хрыстом

Евангелізацыя была тэмай другога велікапоснага казання, з якім прапаведнік Папскага дома звярнуўся да Святога Айца і іерархаў Рымскай курыі раніцай 10 сакавіка 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Раньера Канталамеса зазначыў, што “кожная евангелізацыйная ініцыятыва, якае хоча пачынацца з рэфармавання грамадскіх звычаяў, а не са змены сэрцаў людзей, асуджана на тое, каб скончыцца нічым, ці, што яшчэ горш, ператварыцца ў палітыку”. Ён падкрэсліў, што ў цэнтры кожнага прапаведвання павінна знаходзіцца асоба Езуса.

“Мірскі свет робіць усё (і, на жаль, у яго гэта атрымліваецца!), каб трымаць імя Езуса на адлегласці або замоўчваць яго ў кожнай размове пра Касцёл. Мы павінны зрабіць усё, каб яно заўсёды прысутнічала. Не для таго, каб за ім хавацца, але таму, што Ён – сіла і жыццё Касцёла”, - адзначыў італьянскі капуцын.

Прапаведнік нагадаў словы Францішка з Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium: “Я запрашаю кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, аднавіць сёння сваё асабістае спатканне з Езусам Хрыстом ці, прынамсі, прыняць рашэнне сустрэцца з Ім, няспынна шукаць Яго кожны дзень. Няма прычыны, каб хтосьці мог думаць, што гэта запрашэнне не для яго”.

“Наколькі я ведаю, у афіцыйным дакуменце Настаўніцтва ўпершыню сустракаецца выраз “асабістае спатканне з Хрыстом”. Нягледзячы на ўяўную прастату, гэты выраз змяшчае навізну, якую мы павінны паспрабаваць зразумець”, - зазначыў іерарх, нагадваючы, што ў мінулым, у каталіцкім душпастырстве і духоўнасці былі больш вядомыя іншыя спосабы асэнсавання адносін з Хрыстом: дактрынальныя, сакрамэнтальныя, касцёльныя, містычныя ці сужэнскія, аднак, не гаварылася, ці, прынамсі, не было прынята гаварыць, пра асабістыя адносіны, адкрытыя для кожнага верніка.

Кардынал Канталамеса зазначыў, што цяпер Касцёл увайшоў у новую фазу, калі вера часцей “з’яўляецца плёнам асабістага рашэння” чалавека, а не нечым агульнапрынятым. “Поспех місіі больш нельга вымяраць колькасцю выслуханых споведзяў і раздадзеных святых Камуній, але тым, колькі людзей ператварыліся з намінальных хрысціян у сапраўдных хрысціян, гэта значыць у перакананых і актыўных у супольнасці”, - дадаў ён.

“Паспрабуем зразумець, з чаго насамрэч складаецца гэтая знакамітая “асабістая сустрэча” з Хрыстом. Я кажу, што гэта быццам сустрэць чалавека ўжывую, пасля таго як на працягу многіх гадоў ведаў яго толькі па фатаграфіі. Можна ведаць кнігі пра Езуса, дактрыны, ерасі пра Езуса, канцэпцыі пра Езуса, але не ведаць жывога і прысутнага Хрыста. (Я настойваю перш за ўсё на гэтых двух прыметніках: Езус уваскрослы і жывы і Езус прысутны!). Для многіх, нават ахрышчаных і веруючых, Езус – гэта герой з мінулага, а не Асоба, што жыве ў сучаснасці”, - сцвердзіў прапаведнік.

Ён паставіў у прыклад сітуацыю, калі чалавек пераходзіць ад ведання іншай асобы, да закаханасці ў яе. “Пра жанчыну ці мужчыну можна ведаць усё: як завуць, колькі гадоў, якую адукацыю мае, да якой сям’і належыць... І вось аднойчы ўспыхвае іскра, і мы ўлюбляемся ў гэту жанчыну ці гэтага мужчыну. Змяняецца ўсё. Мы хочам быць з гэтым чалавекам, падабацца яму, мець яго для сябе, баючыся не спадабацца яму і быць не вартым яго”, - сказаў кардынал Канталамеса.

“Як мы можам зрабіць так, каб іскра ў адносінах да асобы Езуса запалілася ў многіх людзях? Яна не загарыцца ў тым, хто слухае евангельскае пасланне, калі спачатку не загарэлася (...) у тым, хто яго абвяшчае. Выключэнні былі і ёсць; слова Божае мае ўласную моц і часам можа дзейнічаць, нават калі яго прамаўляюць тыя, хто ім не жыве; але гэта выключэнне”, - дадаў ён.

“Каб суцешыць і падбадзёрыць тых, хто працуе ў сферы евангелізацыі, хачу сказаць, што не ўсё залежыць ад іх. Ад іх залежыць стварэнне ўмоў для запальвання і распаўсюджвання гэтай іскры. Але яна ўзнікае самымі нечаканымі спосабамі і момантамі. У большасці выпадкаў, якія я ведаў у сваім жыцці, адкрыццё Хрыста, якое змяніла жыццё, адбывалася праз спатканне з кімсьці, хто ўжо зведаў гэтую ласку, праз удзел у сустрэчы, праз слуханне сведчання, праз вопыт прысутнасці Бога ў момант вялікай пакуты, і – я не магу пра гэта не сказаць, таму што гэта адбылося і са мной – праз прыняцце так званага хросту Духам”, - сказаў прапаведнік.

Кардынал звярнуў увагу на важную ролю свецкіх вернікаў у евангелізацыі, бо яны больш занураны ў складкі жыцця. “Таксама з-за малалікасці нам, духоўным асобам, лягчэй быць пастырамі, чым лаўцамі душ: лягчэй пасвіць тых, хто прыходзіць у Касцёл, з дапамогай слова і сакрамэнтаў, чым выходзіць у мора і вылоўліваць тых, якія знаходзяцца далёка”, - адзначыў ён, падкрэсліваючы важнасць супрацоўніцтва са свецкімі ў справе быцця лаўцамі людзей.

Іерарх падкрэсліў, што многія свецкія вернікі “даведаліся, што значыць ведаць жывога Езуса, і хочуць падзяліцца сваім адкрыццём з іншымі”, а таксама адзначыў каштоўнасць шматлікіх касцёльных рухаў, якія з’явіліся пасля Другога Ватыканскага Сабора.

10 сакавіка 2023, 10:59