Пошук

Папа Францішак і кардынал Марк Уэле Папа Францішак і кардынал Марк Уэле  (ANSA)

Кардынал Уэле: стыль Папы ўплывае на выбар новых біскупаў

Свет патрабуе духоўнага лідара, які будзе мець рысы айца: блізкага да людзей, міласэрнага, спагадлівага, - адзначыў кардынал Марк Уэле ў інтэрв’ю EWTN з нагоды 10-годдзя пантыфікату Францішка.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Пасля вялікага доктара Касцёла, якім быў Бэнэдыкт XVI, і вялікага евангелізатара – Яна Паўла ІІ, – існавала патрэба ў чалавеку, які будзе блізкім да людзей і дапаможа ім ісці шляхам наследавання Хрыста, які будзе спадарожнічаць ім і будзе зразумелым, дзякуючы свайму міласэрнаму сэрцу. Гэта тое, што было патрэбна Касцёлу ў той час”, - перакананы кардынал.

Былы прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў нагадаў, што ў сілу сваіх абавязкаў ён дапамагаў Папу ў выбары іерархаў, якія прызначаюцца кіраваць дыяцэзіямі ва ўсім свеце, і па гэтай прычыне ён кожны тыдзень сустракаўся са Святым Айцом.

Кардынал Уэле падкрэсліў, што на выбар новых біскупаў уплывае стыль самаго Пантыфіка. Францішак жадае, каб гэта былі людзі, “якія з’яўляюцца сведкамі Уваскрослага, а не проста добрымі адміністратарамі”; каб былі “поўнымі жыцця, здольнымі евангелізаваць”, а таксама, каб былі людзьмі камуніі, якія ўмеюць слухаць іншых, у тым ліку сваіх святароў і сабратоў па епіскапаце.

Гаворачы пра крытэрыі выбару кандыдатаў у біскупы, кардынал Уэле сказаў, што перавага аддаецца “біскупам-пастырам”, але ў залежнасці ад патрэбаў мясцовага Касцёла шукаюцца таксама кандыдаты з “добрай кананічнай падрыхтоўкай, з добрым веданнем тэалогіі”.

З 2010 года кардынал Уэле быў таксама старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Ён адзначыў, што Паўднёвая Амерыка – гэта кантынент з найбольшым падзелам на багатых і бедных. “Папа прыйшоў на Пасад святога Пятра з беднымі ў сэрцы. І ён паставіў бедных у цэнтр Касцёла”, - растлумачыў іерарх, дадаючы, што лічыць галоўным унёскам Францішка, які паходзіць з Лацінскай Амерыкі, менавіта чуласць да бедных.
 

10 сакавіка 2023, 12:46