Пошук

Кардынал Марыё Грэк Кардынал Марыё Грэк 

Кардынал Грэк: Францішак жадае спаўнення ідэй Сабора

Галоўны герой у жыцці Касцёла - Святы Дух, і пастары разам з народам Божым павінны адкрыцца на яго слуханне, каб зразумець, якія крокі неабходна зрабіць, - сказаў у інтэрв'ю Vatican News генеральны сакратар Сінода.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адказваючы на пытанне аб тым, якія словы і жэсты Францішка за дзесяць гадоў пантыфікату найбольш уразілі яго, кардынал Грэк нагадаў фразу, якая “прымушае задумацца”: ніхто не ўратуецца сам (Fratelli tutti, 32). У раздробленым свеце канфліктаў і індывідуалізму Святы Айцец, натхнёны Езусам і Евангеллем, спрабуе спрыяць адносінам паміж людзьмі нашага часу, як у Касцёле, так і ў свецкім паўсядзённым жыцці, - лічыць іерарх.

Францішак поўны рашучасці ісці разам з людзьмі і пастаянна заклікае да сінадальнасці, якая, па словах кардынала Грэка, з'яўляецца “выклікам не толькі для Касцёла, але і для ўсяго чалавецтва”. Святы Айцец запрашае нас “ісці разам і слухаць усіх, без выключэння, у тым ліку людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы”, ён дае голас бедным, тым, хто пакутуе ад несправядлівасці, хто адчувае сябе адрынутым, на знаходзіцца на перыферыі. Гэтым Папа фактычна прызнае годнасць і каштоўнасць кожнага чалавека і нагадвае нам, што кожны, нават самы маленькі, можа зрабіць нешта карыстнае для свету, - адзначыў кардынал Грэк.

Дзясяцігадовы юбілей пантыфікату Францішка адзначаецца ў кантэксце сінадальнага шляху і падрыхтоўцы да двух сінодаў Біскупаў, якія пройдуць у кастрычніку 2023 і кастрычніку 2024 года ў Ватыкане. Па словах генеральнага сакратара Сінода, сінадальнасць не з'яўляецца новым вымярэннем, якое Папа хоча дадаць да Касцёла, але вяртаннем да вытокаў, да таго, як касцёльныя супольнасці жылі ў першым тысячагоддзі сваёй гісторыі. Сінадальнасць - гэта частка прыроды Касцёла. Францішак імкнецца “дапамагчы нам зноў адкрыць для сябе прыгажосць Касцёла народа Божага” згодна з вучэннем Другога Ватыканскага Сабора.

За гэтыя дзесяць гадоў Святы Айцец навучыў нас, што сінадальны Касцёл – гэта Касцёл, дзе галоўным героем з'яўляецца Святы Дух. Сінадальны Касцёл, які не стварае прасторы для Духа, не з'яўляецца Касцёлам Езуса, не можа крочыць наперад, становіцца самаразбуральным. Будучыня за тымі, хто адкрыецца Святому Духу, а для гэтага неабходна распазнаванне, - адзначыў кардынал Грэк.

14 сакавіка 2023, 12:42