Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны  

Кардынал Чэрны пра дзесяцігоддзе пантыфікату Францішка

Прыярытэты Францішка – гэта братэрства, міласэрнасць і агульны дом, - такія вынікі дзесяцігоддзя пантыфікату падвёў кардынал Майкл Чэрны ў інтэрв'ю ватыканскім СМІ.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На думку прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Касцёл, якім кіруе Францішак, стаў "больш інклюзіўным у адносінах да бедных, жанчын, уцекачоў і адрынутых". Акрамя таго, “Касцёл стаў больш уважлівым да экалогіі і адкрытым для міжрэлігійнага дыялогу, больш сінадальным, міласэрным і далёкім ад культуры клерыкалізму".

Іерарх лічыць, што ў будучыні зрабіць “якасны скачок” павінны мясцовыя касцёлы. Дыкастэрыя, якую ён узначальвае, будзе старацца з усіх сіл прыслухоўвацца да мясцовых касцёлаў і ўсіх, хто прымае выклік інтэгральнага развіцця чалавека, будзе дапамагаць, заахвочваць, стымуляваць і нават крытыкаваць, карацей кажучы, дапамагаць Касцёлу расці і вырашаць праблемы сённяшняга свету.

Гаворачы аб праблеме міграцыі, журналіст нагадаў, што адным з самых сімвалічных момантаў пантыфікату было падарожжа Папы на Лампедузу ў ліпені 2013 года. З тых часоў Святы Айцец ніколі не пераставаў звяртаць увагу свету на гэту тэму, на становішча людзей, якія вымушаны пакідаць свае краіны.

“Міграцыйная тэма - цэнтральная для Францішка”, - адзначыў кардынал Чэрны, дадаючы, што “Папа спрабуе данесці да ўсіх, наколькі важнай з'яўляецца годнасць чалавечага жыцця і неабходнасць дапамагаць нашым суседзям”.

Напрыканцы інтэрв'ю іерарх выказаў Святому Айцу “бясконцую падзяку ўсяго свету за гэтыя дзесяць гадоў, якія змянілі нас усіх да лепшага”.

10 сакавіка 2023, 13:09