Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  

Галахер: індывідуалізм і ўтылітарызм фальсіфікуюць дэмакратыю

Што такое дэмакратыя? Што рабіць, каб яе захаваць? – такім пытанням была прысвечана lectio magistralis арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера на канферэнцыі Дэмакратыя для агульнага дабра. Які свет мы хочам пабудаваць? у Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

Марыя Валодзіна – Vatican News

З лекцыяй на тэму Дэмакратыя згодна з мудрасцю Пап у цяперашнім міжнародным сцэнары выступіў 27 сакавіка 2023 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі на канферэнцыі, арганізаванай факультэтам сацыяльных навук Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта.

"На жаль, сёння здаецца, што народным суверэнітэтам, гарантыяй свабоды і роўнасці ўсіх грамадзян кіруе адмоўная палітыка (negative politics) – дэлегітымізацыя прапаноў іншых, якімі б яны ні былі, дзеля дасягнення сваіх індывідуальных мэтаў і кансэнсусу, але мала што вядома пра намаганні па пошуку адзінства. Здаецца, што адзіным адказам на патрэбу ў шчасці з’яўляюцца індывідуалізм і ўтылітарызм, якія ўмацоўваюць структуры фальшывай дэмакратыі", - адзначыў іерарх у лекцыі, прысвечанай уплыву хрысціянства на распрацоўку сучаснай тэорыі дэмакратыі.

Па яго словах, дэмакратыя – гэта служэнне сімфанічнаму адзінству народа, а першым маніфестам грамадзянскага дэмакратычнага суіснавання можна лічыць Charta Caritatis (1119 год). Разглядаючы складанае пытанне дэмакратыі, ён цытуе кардынала Ратцынгера, які казаў пра права як пра праяву агульных інтарэсаў, а таксама нямецкіх філосафаў Хармута Розу і Эрыка Вайля.

Арцыбіскуп Галахер задаецца пытаннем, ці не ўплывае з’ява мабільнасці на сувязі паміж людзьмі, якія ператвараюцца ў агламерат суб'ектаў, чужых адзін аднаму, калі не ўзаемна варожых. Паскарэнне нашай эпохі стварае кароткае замыканне, з-за якога здаецца, што змены не маюць рэальных кірункаў. Дэмакратычны працэс хоць і шматстратыфікаваны, але для таго, каб аргументы кожнага былі пачутыя і атрымалі рэпрэзентатыўнасць, патрабуецца час. Ватыканскі дыпламат лічыць, што "у сучаснай палітыцы, нават больш, чым у мінулым, будучую палітыку вырашае не моц лепшага аргументу, а крыўды, інстынктыўныя пачуцці, метафары і ўзрушальныя вобразы". На яго думку, у палітыцы адбыўся "эстэтычны паварот: палітыкі і групы перамагаюць на выбарах, таму што яны крутыя, а не таму, што маюць ідэі, праграмы і тэзісы".

Іерарх рэтраспектыўна разглядзеў погляды на дэмакратыю шэрагу Пап: Льва XII, Пія XII, на думку якога "крызіс таталітарызму быў выкліканы аддзяленнем дактрыны і практыкі сацыяльнага суіснавання ад спасылкі на Бога і парушэннем святога характару чалавечай асобы", а таксама ўнёсак Яна XXIII, Яна Паўла II і Францішка, які, яшчэ кардыналам, у 2011 годзе разважаў пра спусташэнне дэмакратыі і крызіс элітаў. Ужо тады будучы Папа нагадваў пра адказнасць усіх, асабліва тых, хто ўзначальвае ўрады, за абавязацельства пераадолець больш не прымальнае становішча спраў, а таксама настойваў на неабходнасці не згаджацца на "дэмакратыю нізкай інтэнсіўнасці".

Арцыбіскуп Галахер нагадаў знакамітыя прамовы Францішка ў Грэцыі (2021 год), у якіх ён падкрэсліваў, што дэмакратыю немагчыма ажывіць праз дакучлівы пошук папулярнасці, абяцанне немагчымага або прыхільнасць абстрактным ідэалагічным каланізацыям, яна заключаецца ў добрай палітыцы як вяршыні адказнасці грамадзяніна і "мастацтве агульнага дабра".

"Дэмакратыя зусім не выключае палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, рэлігійнай, ідэалагічнай апазіцыі, наадварот, яна жыве ёю", - заўважыў Галахер, дадаючы, што ў краіне, якая не аб'яднаная агульнымі каштоўнасцямі і пэўнымі пажаданымі мэтамі, не можа быць дэмакратыі. Але "большасць можа аб'яднацца вакол праграмы знішчэння тых, хто выступае супраць яе меркаванняў і прыхільнасцяў. У гэтым выпадку гэта ўсё яшчэ дэмакратыя?" – пытаецца іерарх, адказваючы, што дэмакратыя не церпіць ніякай несправядлівасці. Гаворачы аб архітэктуры дэмакратыі, Галахер лічыць, што яна трымаецца на трох элементах, якія павінны ўзаемадзейнічаць, інакш аб'ект абрынецца: тэарэтычная аснова, сацыяльная структура і прававая структура.

Іерарх звярнуў увагу на тры паталогіі сучаснай дэмакратыі: карозія, выкліканая разрывам жыццёва важнай сувязі, якая павінна спалучаць кансэнсус і ісціну; алігархічная і лабісцкая дэгенерацыя дэмакратыі; а таксама асістэнцыялізм і бюракратыя сацыяльнай дзяржавы. Найбольш трывожным, на думку Галахера, з'яўляецца першае – суадносіны кансэнсусу і ісціны. Неабходна перакананне, што кансэнсус павінен падпарадкоўвацца праўдзівасці, глыбокім, агульным ісцінам і ідэалам.

Напрыканцы лекцыі гаворыцца аб тым, што калі б добры ўрад пацярпеў няўдачу, і ўсталявалася б тыранія без правілаў грамадскага жыцця, то запанавалі бы “гвалт, разбурэнне будынкаў і палёў, пажары і смерць”. Для добрага кіравання трэба натхняцца такімі цнотамі, як мір, моц, разважлівасць, велікадушнасць, умеранасць, а таксама тэалагічнымі цнотамі. Усё гэта было добра абагульнена ў прамове Францішка да дыпламатычнага корпуса ў студзені 2023 года: пабудова міру ў ісціне азначае перш за ўсё павагу да чалавечай асобы.

28 сакавіка 2023, 12:24