Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: дамова з Кітаем будзе дапрацоўвацца

Дыпламаты Апостальскай Сталіцы абмяркоўваюць паляпшэнне Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітаем адносна прызначэння біскупаў, упершыню падпісанага ў 2018 годзе.

Ян Глінскі

“Пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай было не найлепшым, і вядуцца перамовы, каб яно дзейнічала лепш”, – паведаміў EWTN News арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Пагадненне было плёнам доўгага працэсу за перыяд трох пантыфікатаў: святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка. Большая частка дакумента, як заўважыў арцыбіскуп Галахер, была ўзгоднена Апостальскай Сталіцай і кітайскімі ўладамі яшчэ ў час пантыфікату Бэнэдыкта XVI. “Усё, безумоўна, адбываецца ў кантэксце ўнутранай кітайскай палітыкі, – дадаў ён. – І таму мы можам дасягнуць толькі столькі”.

У лістападзе 2022 года Апостальская Сталіца выказала шкадаванне ў сувязі з цырымоніяй уступлення біскупа Джона Пэн Вэйчжао на пасаду главы непрызнанай дыяцэзіі ў Кітаі. Адзначалася, што гэтай падзеі папярэднічаў ціск з боку мясцовых уладаў.

“Апостальская Сталіца мае надзею, што падобныя эпізоды не будуць паўтарацца, яна чакае адпаведных паведамленняў ад уладаў па гэтым пытанні і пацвярджае поўную гатоўнасць працягваць поўны павагі дыялог па ўсіх пытаннях, якія ўяўляюць супольны інтарэс”, - адзначыў ватыканскі іерарх, дадаўшы таксама аб трываючых перамовах адносна прызначэння іншых біскупаў.

Па словах арцыбіскупа Галахера, “кітайскі народ, Каталіцкі Касцёл і Святы Пасад яднае тое, што мы не думаем месяцамі і нават гадамі”, але глядзім на ўсё ў далёкай перспектыве і маем надзею на значна больш плённыя адносіны ў будучым.
 

17 сакавіка 2023, 09:39