Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Ватыкан: аўраамічныя рэлігіі за этыку ў сферы штучнага інтэлекту

10 студзеня 2023 года ў Ватыкане прадстаўнікі трох аўраамічных рэлігій падпісалі Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту. Такім чынам ватыканская ініцыятыва атрымала важных саюзнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Разам з арцыбіскупам Вінчэнца Пальяй, старшынёй Папскай акадэміі жыцця, падпісантамі сталі: рабін Эліэзер Сімха Вайц, член Рады Галоўнага рабіната Ізраіля, і шэйх Абдала бін Баях, старшыня Форума міру Абу-Дабі.

Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту – гэта ватыканская ініцыятыва, якая нарадзілася каля трох гадоў таму. Яна накіравана на садзейнічанне развіццю штучнага інтэлекту ў напрамку служэння чалавецтву і абароны годнасці кожнага чалавека. Да ініцыятывы далучыліся Microsoft, IBM, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН і міністэрства інавацый Італіі.

Падпісанты Закліку выказваюць жаданне працаваць разам на нацыянальным і міжнародным узроўнях дзеля папулярызацыі “алгарэтыкі”, якая ўяўляе сабой этычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту ў адпаведнасці з прынцыпамі празрыстасці, інклюзіўнасці, адказнасці, бесстароннасці, надзейнасці, бяспекі і недатыкальнасці прыватнага жыцця.

У сваім слове да ўдзельнікаў канферэнцыі, якая праходзіла ў Ватыкане з 26 па 28 лютага 2020 года, Францішак сказаў, што мэтай этычнага развіцця алгарытмаў з’яўляецца перагляд “працэсаў, з дапамогай якіх мы інтэгруем адносіны паміж людзьмі і сучаснымі тэхналогіямі”. На думку Папы, “складанасць тэхнічнага свету патрабуе ад нас усё больш і больш дакладных этычных рамак”.
 

10 студзеня 2023, 11:02