Пошук

Генеральны сакратар Сінода, кардынал Марыа Грэк падчас сустрэчы з біскупамі. Ілюстрацыйнае фота Генеральны сакратар Сінода, кардынал Марыа Грэк падчас сустрэчы з біскупамі. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: ліст да біскупаў аб іх ролі ў сінадальным працэсе

“Чаканні адносна Сінода 2021-2024 гадоў шматлікія і разнастайныя, але задачай Асамблеі не з'яўляецца разгляд усіх пытанняў, вакол якіх вядуцца дыскусіі ў Касцёле”, - адзначаецца ў лісце, апублікаваным 30 студзеня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардыналы Марыа Грэк і Жан-Клод Олерыш, якія падпісаліся пад тэкстам, прысвечаным ролі біскупаў у сінадальным працэсе, заўважылі: “Той, хто прэтэндуе навязаць нейкую тэму Сіноду, забывае логіку, якая рэгулюе сінадальны працэс: мы пакліканы прасочваць “агульны курс”, пачынаючы з укладу кожнага. (...) Менавіта з прычыны сувязі паміж рознымі этапамі нельга таемна ўводзіць іншыя тэмы, выкарыстоўваючы Асамблею і ігнаруючы кансультацыі з народам Божым”.

Генеральны сакратар Сінода і галоўны рэлятар Асамблеі прызналі, што на дыяцэзіяльным этапе тэматычныя межы не былі дакладна акрэслены. Гэта было прадыктавана “навізной метаду і цяжкасцямі ў разуменні і прызнанні таго, што ўвесь народ Божы “ўдзельнічае ў прароцкім служэнні Хрыста” (LG, 12). “Але гэтая нявызначанасць зменшылася на наступных кроках”, - адзначылі яны.

Іерархі патлумачылі, што тэмы, якія прапануе Дакумент для кантынентальнай фазы, не ўваходзяць у парадак дня наступнай Асамблеі Сінода Біскупаў, але дакладна адлюстроўваюць тое, што вынікае з дасланых у Ватыкан рэзюмэ, “і гэта дазваляе нам убачыць аблічча Касцёла, які вучыцца слухаць Духа Святога, слухаючы адно аднаго”.

“Доўгі шлях да прыняцця Сабору падштурхоўвае нас да меркавання, што адказ знаходзіцца ў Касцёле, “канстытутыўна сінадальным”, у якім усе пакліканы да рэалізацыі ўласнай касцёльнай харызмы ў мэтах выканання супольнай місіі евангелізацыі”, - падзяліліся кардыналы.

Яны звярнулі ўвагу на тое, што “дзякуючы ўдзелу ў прароцкай функцыі Хрыста, святы народ Божы з’яўляецца суб’ектам сінадальнага працэсу праз кансультацыі, якія кожны біскуп праводзіць у сваім Касцёле: такім чынам можна па-сапраўднаму прыслухацца да “ўсёй супольнасці вернікаў, якая, маючы намашчэнне ад Святога (пар. 1 Ян 2, 20 і 27), не можа памыліцца ў веры” (LG, 12). Прэрагатывай жа Біскупа Рыма “з’яўляецца скліканне, старшынства і зацвярджэнне Сінадальных Асамблей”, - нагадалі аўтары звароту да біскупаў.

Кардыналы Марыа Грэк і Жан-Клод Олерыш заклікалі прыняць сінадальнасць не проста як метад, але “як форму Касцёла і стыль для рэалізацыі супольнай місіі евангелізацыі”.

Яны думаюць, што “кантынентальны этап можа дапамагчы зразумець такі падыход”, але для гэтага неабходна, каб “Калегія Біскупаў аб'ядналася ў пошуку шляхоў, якія дапамогуць Касцёлу быць “сакрамэнтам еднасці”. Удзел у сінадальным працэсе павінен дазволіць біскупам умацаваць калегіяльную еднасць, “якая выяўляецца таксама ва ўзаемаадносінах паасобных біскупаў з мясцовымі Касцёламі і паўсюдным Касцёлам” (LG, 23).

“Мы пакліканы, усе разам cum et sub Petro, прадстаўляць “увесь Касцёл у повязі спакою, любові і еднасці” (LG, 23), - нагадалі Генеральны сакратар Сінода і галоўны рэлятар Асамблеі 2023 і 2024 гадоў, завяршаючы свой ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла.
 

30 студзеня 2023, 11:51