Пошук

Біскуп Роберт Франсіс Прэвост з Папам Францішкам Біскуп Роберт Франсіс Прэвост з Папам Францішкам 

Новы прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў

30 студзеня 2023 года Папа прыняў просьбу кардынала Марка Уэле аб адстаўцы з пасады прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшыні Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі ў сувязі з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту.

Аляксандр Панчанка – Vatican News
 
У той жа самы дзень Святы Айцец прызначыў яго наступніка: ім стаў 67-гадовы аўгустыніянін, біскуп Роберт Франсіс Прэвост Марцінэс, пастыр дыяцэзіі Чыклая ў Перу, якому Папа надаў годнасць арцыбіскупа. Новапрызначаны прэфект прыступіць да выканання сваіх новых абавязкаў 12 красавіка 2023 года.
 
Роберт Франсіс Прэвост нарадзіўся ў 1955 годзе ў Чыкага, у ЗША. У 1977 годзе ўступіў у Ордэн святога Аўгустына. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1985 годзе. У 2001 годзе быў абраны генеральным настаяцелем гэтай манаскай супольнасці, а ў 2007 годзе пераабраны на чарговы шасцігадовы тэрмін. 
 
У 2014 годзе Францішак прызначыў яго Апостальскім адміністратарам перуанскай дыяцэзіі Чыклая, а праз год – біскупам. У 2019 годзе іерарх стаў членам Кангрэгацыі па справах Духавенства, а ў 2020 годзе – Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Дыкастэрыя па справах біскупаў – гэта ведамства Рымскай Курыі, у кампетэнцыі якога ўваходзіць стварэнне і рэарганізацыя касцёльных тэрытарыяльных структур і прызначэнне біскупаў лацінскага абраду, за выключэннем місіянерскіх тэрыторый.

30 студзеня 2023, 13:16