Пошук

Арцыбіскуп Георг Генсвайн ля труны Бэнэдыкта XVI Арцыбіскуп Георг Генсвайн ля труны Бэнэдыкта XVI  (ANSA)

Генсвайн пра Бэнэдыкта XVI: будзе не хапаць яго веры і мужнасці

Арцыбіскуп Георг Генсвайн, шматгадовы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, распавёў Vatican News пра апошнія гадзіны жыцця Папы-эмерыта.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Калі іерарх 27 снежня 2022 года адправіўся на святы да сваёй сям’і ў Германію, Бэнэдыкт XVI яшчэ адчуваў сябе добра. Але наступнай ноччу стан яго здароўя значна пагоршыўся, і арцыбіскуп Генсвайн вярнуўся ў Ватыкан. Папа-эмерыт цяжка дыхаў, з ім быў яго асабісты ўрач Патрыцыа Паліска.

“Я сказаў: Святы Айцец, зараз я ўдзялю сакрамэнт хворых, а потым будзем цэлебраваць святую Імшу. Я добра разумеў, што ён гэтага хоча. Ён не канцэлебраваў літургію, ляжаў у ложку. Маленькай лыжачкай я даў яму святую Камунію, якую ён прыняў. Перад гэтым ён два дні нічога не еў”, - распавёў арцыбіскуп.

У наступную ноч, з 30 на 31 снежня 2022 года, з хворым была толькі медсястра. “Яна пачула апошнія словы, якія Бэнэдыкт мог выразна вымавіць: "Signore ti amo" (Пане, я люблю Цябе), сказаныя на італьянскай мове. Гэта адбылося каля 3.00. На працягу трох наступных гадзін стан Папы-эмерыта хутка пагоршыўся, агонія працягвалася менш за гадзіну, - падзяліўся нямецкі іерарх.

У размове ён прызнаўся, што калі пачуў пра апошнія словы Бэнэдыкта XVI, то падумаў пра гамілію, якую ў той час яшчэ кардынал Ёзэф Ратцынгер прамовіў на пахаванні Яна Паўла ІІ 8 красавіка 2005 года, яго спасылку на 21-ы раздзел Евангелля святога Яна, дзе Езус тройчы пытаецца Пятра: “Ці любіш ты Мяне?”.

На пытанне, чаго яму больш за ўсё будзе не хапаць пасля смерці Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Генсвайн адказаў: “Вядома, яго асобы, яго дабрыні, яго цвёрдай веры, яснасці, мужнасці і здольнасці пакутаваць за веру”.

“Гэта цудоўна, што чалавечае жыццё працягваецца і што я заўсёды магу нешта ўзяць з гэтых вобразаў, з гэтых глыбокіх скарбаў. Я спадзяюся, што і іншыя людзі могуць штосьці здабыць і захаваць для сябе”, - сказаў паплечнік Бэнэдыкта XVI.
 

05 студзеня 2023, 12:47