Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Дыпламатыя Святога Пасада ў 2022 годзе

У 2022 годзе Апостальская Сталіца заключыла два двухбаковыя пагадненні і падоўжыла дзеянне часовай дамовы з Кітаем. Чатыры дзяржавы прызначылі паслоў пры Святым Пасадзе з рэзідэнцыяй у Рыме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам падтрымліваюць 183 дзяржавы. Да іх трэба дадаць Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн. Сваіх пастаянных дыпламатаў пры Апостальскай Сталіцы мае 91 краіна, у тым ліку Еўрасаюз і Мальтыйскі Ордэн. На працягу 2022 года паслоў з рэзідэнцыяй у Рыме прызначылі Швейцарыя, Конга, Мазамбік і Азербайджан. Прадстаўніцтвы пры Святым Пасадзе ёсць таксама ў Лігі арабскіх дзяржаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў.

У 2022 годзе Святы Пасад заключыў дзве двухбаковыя дамовы. 15 жніўня было падпісана пагадненне з Дэмакратычнай Рэспублікай Сан-Тамэ і Прынсіпі, а 14 верасня – Дадатковае пагадненне да Дамовы аб узаемаадносінах паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Казахстан ад 24 верасня 1998 года. Яно датычыць спрашчэння выдачы віз і відаў на жыхарства для замежных святароў і законнікаў.

22 кастрычніка Святы Пасад і Кітайская Народная Рэспубліка дамовіліся падоўжыць яшчэ на два гады дзеянне Часовага пагаднення аб прызначэнні біскупаў, заключанага 22 верасня 2018 года і ўпершыню падоўжанага 22 кастрычніка 2020 года.

4 кастрычніка 2022 года для Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан ўступілі ў сілу Рамачная канвенцыя ААН аб змяненні клімату і Парыжскае пагадненне.
 

09 студзеня 2023, 12:07