Пошук

Арцыбіскуп Генсвайн (справа) з Бэнэдыктам XVI Арцыбіскуп Генсвайн (справа) з Бэнэдыктам XVI 

Асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI: ён не быў папскім акцёрам

У некралогу для нямецкай газеты Bild асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн, аддае даніну павагі Папу-эмерыту і абараняе яго ад крытыкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Бэнэдыкт не быў папскім акцёрам, а тым больш бясчулым папскім аўтаматам. Ён быў і да канца заставаўся чалавекам, нават на пасадзе Пятра”, - напісаў іерарх.

“Як western par excellence, Бэнэдыкт XVI як ніхто іншы ўвасабляў багацце каталіцкай традыцыі Захаду. У той жа час ён вельмі адважна адчыніў дзверы ў новую главу ў гісторыі Касцёла, свабодна зняўшы свой пярсцёнак рыбака, але працягваючы насіць сваё імя як Папа-эмерыт”, - звярнуў увагу Генсвайн.

Арцыбіскуп нагадаў, што такога кроку раней ніколі не рабілі. Таму нядзіўна, што адны бачылі ў гэтым рэвалюцыю, а іншыя дэміфалагізацыю папства “ці проста спробу зрабіць яго больш чалавечным”.

З паездак з Папам іерарху асабліва запомнілася сустрэча з ахвярамі злоўжыванняў на Мальце ў 2010 годзе. “Папа спакойна слухаў і суцяшаў заклапочаныя сэрцы тых, хто пацярпеў. Сама яго прысутнасць і слёзы, якія ён не мог здушыць, зрабілі больш, чым словы. Збянтэжанасць тым, што здарылася, прывяла да пацвярджэння Святым Айцом намеру зрабіць усё магчымае, каб такія выпадкі не паўтарыліся”, - напісаў арцыбіскуп Генсвайн.

Ён адзначыў, што адстаўка Бэнэдыкта XVI не была прадыктавана здрадай яго камердынера або крызісам Vatileaks у 2012 годзе. “Скандал быў занадта малы для гэтага, а добра прадуманы, эпахальны крок Бэнэдыкта XVI быў значна больш маштабным. Ён аднавіў гэту пасаду ў акце незвычайнай адвагі – і ўзмацніў яе з апошніх сіл. Я ўпэўнены, што гісторыя гэта пацвердзіць”, - напісаў у сваім некралогу асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI.
 

01 студзеня 2023, 11:11