Пошук

Украінскія дзеці ў эвакуацыйным аўтобусе. Ілюстрацыйнае фота Украінскія дзеці ў эвакуацыйным аўтобусе. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: краўдфандзінгавая кампанія салідарнасці з Украінай

Падтрымаць закупку тэрмабялізны для насельніцтва Украіны могуць усе жадаючыя. Збор ахвяраванняў праводзіцца на краўдфандзінгавай платформе Eppela.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дыкастэрыя па міласэрным служэнні дала магчымасць многім людзям канкрэтным чынам паўдзельнічаць у ініцыятыве салідарнасці з насельніцтвам Украіны, якое пакутуе ад наступстваў вайны і знішчэння крытычнай інфраструктуры. На краўдфандзінгавай платформе Eppela быў адкрыты збор ахвяраванняў на набыццё тэрмабялізны. Далучыцца да акцыі можна па спасылцы: www.eppela.com/projects/9302

На пачатку снежня Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, звярнуўся да супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў, парафій і манаскіх супольнасцей на тэрыторыі Італіі з заклікам набыць тэрмабялізну для ўкраінцаў.

“Адказ людзей быў вельмі велікадушным”, - сказаў ён, паведаміўшы таксама пра адкрытасць вытворцаў тэрмічнага адзення, якія падтрымалі кампанію салідарнасці, ахвяраваўшы частку сваёй прадукцыі і прадаючы яе па сабекошце для гуманітарнай місіі. Акрамя таго паступілі прапановы аб набыцці электрагенератараў, а некаторыя апараты былі атрыманы ў дар.

Каштоўны груз адправіцца ва Украіну як толькі завершыцца збор. Даставіць дапамогу сам кардынал Краеўскі, які наведае краіну з гуманітарнай місіяй ужо ў пяты раз ад пачатку вайны. Іерарх падкрэсліў, што на гэтым збор ахвяраванняў не спыніцца, бо “зіма будзе доўгай і суровай, і неабходна быць гатовымі да іншых патрэбаў”. Элемазінарый зазначыў, што салідарнасць з пакутуючымі дазваляе па-сапраўднаму перажыць Божае Нараджэнне.

14 снежня 2022 года, напрыканцы агульнай аўдыенцыі, Францішак заклікаў скараціць святочныя выдаткі і накіраваць зэканомленыя такім чынам грошы на дапамогу людзям ва Украіне.
 

16 снежня 2022, 11:19