Пошук

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Паралін: аднаўляць мір з павагай да іншых народаў і іх годнасці

Вайна ва Украіне не павінна адцягваць нашу ўвагу ад клопату пра самых бедных, - адзначыў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы на V Форуме недзяржаўных арганізацый, натхнёных каталіцкай верай.

Марыя Валодзіна – Vatican News

“Сёння заклік да міру асабліва актуальны”: як нагадаў Францішак падчас свайго нядаўняга падарожжа ў Бахрэйн, мы з непакоем назіраем пашырэнне абыякавасці і ўзаемнай падазронасці, рост суперніцтва і супрацьстаяння, якія ставяць пад пагрозу бяспеку ўсіх. Неабходна “цвёрдае жаданне паважаць іншых людзей, народы і іх годнасць, а таксама руплівая практыка чалавечага братэрства”, - адзначыў кардынал П'етра Паралін.

У апошнія месяцы, - падкрэсліў іерарх, - мы сталі сведкамі росту небяспекі ў сувязі з канфліктам у цэнтры Еўропы. Мы можам казаць пра “сусветную вайну”, у выніку якой многія краіны, нават тыя, якія непасрэдна не ўдзельнічаюць у ёй, пакутуюць ад жудасных наступстваў.

Іерарх нагадаў пра салідарнасць з беднымі і ўразлівымі: “Вайна ва Украіне не павінна адцягваць нашу ўвагу ад клопату пра самых бедных, ад абароны тых, у каго няма голасу (дзецей ва ўлонні маці, пажылых людзей, мігрантаў і г.д.), ад абароны асноўных правоў чалавека”. Адзін з прыкладаў можна ўбачыць у Еўропе, дзе “шмат гавораць пра служэнне агульнаму дабру, садзейнічанне правам чалавека, але па-рознаму ставяцца да каштоўнасці гасціннасці і таго, як вырашаць праблему міграцыі”. Гэта пытанне “патрабуе стратэгічнага і глабальна арганізаванага падыходу, каб, з аднаго боку, забяспечыць гуманны прыём мігрантаў, а з другога – як мага больш агульныя намаганні салідарнасці”.

Кардынал Паралін адзначыў, што Святы Пасад жадае быць побач з слабымі, усведамляючы, што яго сіла і прэстыж – у тым, каб спрыяць цэласнаму развіццю чалавека. Таму Святы Пасад “працягвае місію, якую Езус усклаў на свой Касцёл, - абараняць слабых і бездапаможных, быць носьбітам благаслаўленняў, увасобленых у паўсядзённых канкрэтных дзеяннях, такіх як, напрыклад, садзейнічанне адносінам паміж пакаленнямі ў грамадстве і ўнутры сям'і”. Дзяржаўны сакратар перасцярог ад спакусы прытрымлівацца “самай спрыяльнай плыні, палітыцы самага моцнага або розных ідэялогій, якія хутка распаўсюджваюцца”. “Мы заўсёды павінны выступаць на баку Евангелля”, - заклікаў ён.

03 снежня 2022, 12:47