Пошук

Кардынал Паралін наведаў пацыентаў дзіцячага шпіталя

Па традыцыі, як і на кожнае Божае Нараджэнне, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы наведаў 23 снежня 2022 года ватыканскую бальніцу Bambino Gesù, каб перадаць хворым і лекарам благаслаўленне Святога Айца.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Падчас амаль трохгадзіннага візіту ў клініку кардынал П’етра Паралін наведаў маленькіх пацыентаў, пагаварыў з маці ля іх ложку. Сафія з нараджэння пакутуе на рэдкае неўралагічнае захворванне; Ясмін зрабілі перасадку печані; Дарыяна Вікторыя хварэе на вельмі рэдкае генетычнае захворванне: сіндром Пірсана; Саф’ян быў упершыню шпіталізаваны ва ўзросце 14 дзён, а зараз яму 14 гадоў.

Паводле іерарха, сэнс дзіцячага болю немагчыма зразумець, спасцігнуць розумам, але “мы ведаем, што ёсць хтосьці большы за нас". "У чым сэнс дзіцячых пакут?"- задаў ён пытанне, якое чалавецтва задае з таго моманту, як пачало разважаць. - “Мы не можам даць адказ. Гэта вялікая таямніца жыцця. Аднак тое, што мы можам рабіць – гэта быць побач, як самаранін з прыпавесці, лячыць і клапаціцца".

"Заўсёды памятайце, што вы – супрацоўнікі Папы", - запэўніў ён лекараў, медсясцёр і ўвесь персанал бальніцы. - "Тут праяўляецца міласэрнасць Папы да хворых, асабліва да тых, хто больш за ўсіх мае патрэбу ў клопаце".

"Адчуйце сябе паплечнікамі Папы ў гэтай місіі, і нават кагосьці большага, хто над Папам. Адчуйце, што Пан дапамагае вам лячыць тых, хто мае ў гэтым патрэбу", - заахвоціў кардынал супрацоўнікаў шпіталя.

На думку Дзяржсакратара, праца па лячэнні дзяцей не абмяжоўваецца мурамі бальніцы, а з'яўляецца крокам – невялікім, але канкрэтным – да глабальнага міру. "Сёння мы ўсе занепакоеныя тым, што адбываецца ў свеце, мы не бачым перспектыў вырашэння вайны, якая працягваецца на працягу года ва Украіне, а таксама многіх іншых канфліктаў, якія існуюць у свеце. Сітуацыя вельмі небяспечная", - сказаў кардынал. На яго думку, тое што мы можам рабіць, гэта “з вернасцю і шчодрасцю” выконваць наш абавязак, унасіць свой “маленькі вялікі ўнёсак” у пабудову лепшага свету.

Дзяржаўны сакратар выказаў глыбокую падзяку персаналу клінікі за выдатную працу, слава аб якой разнеслася далёка за межы Рыма: "Шпіталь Bambino Gesù сапраўды ўніверсальны, я магу гэта пацвердзіць, таму што падчас падарожжаў па свеце, нават у самых аддаленых месцах, сустракаюся з людзьмі, якія спасылаюцца на бальніцу.” На думку іерарха, гэта абумоўлена тым, што персанал “працуе сур'ёзна і з поўнай аддачай сіл".

24 снежня 2022, 11:00