Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса падчас трэцяга адвэнтавага казання ў Ватыкане Кардынал Раньера Канталамеса падчас трэцяга адвэнтавага казання ў Ватыкане 

Кардынал Канталамеса: толькі любоў можа выратаваць нас

Тэалагічнай цноце любові прысвяціў 16 снежня 2022 года сваё трэцяе адвэнтавае казанне прапаведнік Папскага дома кардынал Раньера Канталамеса.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Капуцын зазначыў, што любоў заключаецца ў тым, “што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына” (1 Ян 4, 10). Мы любім, таму што Ён першым палюбіў нас. Адбылася “Евангельская рэвалюцыя”, наступствы якой мы да гэтага часу не спасціглі (і ніколі не спасцігнем) да канца.

Вядома, што любіць Бога ўсімі сіламі - гэта "першая і найвялікшая запаведзь". Але абавязак любіць Бога заснаваны на тым, што “Ён палюбіў нас”. У гэтым навізна хрысціянскай веры ў адрозненне ад этыкі, заснаванай на абавязку або "катэгарычным імператыве", - заўважыў кардынал Канталамеса.

Такім чынам, адкрыць Хрысту браму любові азначае прывітаць любоў Бога, паверыць у яе. "І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог" (1 Ян 4, 16). Свята Божага Нараджэння - гэта праява Божай дабрыні і любові да свету. Самае важнае, што трэба зрабіць на свята, - гэта са здзіўленнем атрымаць бясконцы дар Божай любові, паверыць у любоў Бога да нас. Звярнуцца да Яго ў нашым сэрцы не са словамі: "Божа мой, я люблю Цябе ўсім сэрцам", а са словамі: "Я шчыра веру, што Ты любіш мяне", - заўважыў прапаведнік.

Здаецца лёгка, але гэта не так. Чалавек больш схільны быць актыўным, чым пасіўным. Падсвядома ён хоча быць не даўжніком, а крэдыторам. Так, ён жадае атрымаць Божую любоў, але як узнагароду, не як дар. У такім выпадку, аднак, адбываецца падмена: на першае месца замест дару ставіцца абавязак, замест любові – закон, замест веры – справы.

На думку прапаведніка, “каб верыць у любоў, трэба стаць дзецьмі. Дзеці вераць у любоў, але не на падставе разважанняў. Па інстынкту, па натуры. Яны нараджаюцца поўнымі ўпэўненасці ў бацькоўскай любові”. Менавіта таму Езус раіць стаць падобнымі да дзяцей, каб увайсці ў Яго Валадарства.

Але стаць як дзеці няпроста. Досвед, горыч, расчараванні робяць нас асцярожнымі, часам цынічнымі. Мы ўсе крыху падобныя да Нікадэма, які кажа: “Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары?" (Ян 3, 4). Як жа нам адрадзіцца, каб зноў радавацца Божаму Нараджэнню, як дзеці? Адказ можна знайсці ў словах Езуса да Нікадэма: “Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства” (Ян 3, 5).

Езус кажа тут не толькі аб хросце, прынамсі, не толькі аб хросце вадой. Гэта праца Святога Духа. Але што такое Святы Дух? Гэта любоў, - кажа тэалогія – любоў Айца да Сына і Сын да Айца. Такім чынам, быць поўным Святога Духа, усё роўна што быць поўным любові да Бога. Як кажа святы Павел, “любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 5).

Паводле прапаведніка, Божая любоў мае як аб'ектыўны, так і суб'ектыўны аспект. Дар "новага сэрца" адбываецца не пад поўным наркозам, як пры перасадцы сэрца! Мы бачым раптоўныя змены, якія адбываюцца ў чалавеку: больш няма страху, суперніцтва, сарамлівасці. Новыя людзі гатовыя крочыць па шляху міру і аддаць сваё жыццё Хрысту.

Кардынал Канталамеса выказаў таксама некалькі разважанняў аб міласэрнасці і дабрачыннасці: "Калі Бог так любіў нас, мы таксама павінны любіць Яго і адзін аднаго". Дабрачыннасць - гэта тое, што складае нябачную рэальнасць Касцёла. Гэта тое, што Касцёл рабіў у свае лепшыя часы і здзяйсняе сёння, зрабіўшы выбар на карысць братэрскага дыялогу, сінадальнасці і служэння ў апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium. Прапаведнік заклікаў да дабрачыннасці таксама і грамадзянскую супольнасць: “Палітыкі і эканамісты павінны распачаць структурныя працэсы, якія памяньшылі б скандальны разрыў паміж багатымі і абяздоленымі на зямлі”.

Кардынал Канталамеса зазначыў, што цнота любові аказвае дабратворны ўплыў і на сучаснае тэхналагічнае грамадства. На пытанне аб тым, ці з'яўляецца чалавек па-ранейшаму незаменным пасля з’яўлення робатаў і штучнага інтэлекта, ён адказаў: “Мы працуем на камп’ютэры, які думае, але ці можам мы ўявіць сабе камп’ютэр, які любіць? Мы можам стварыць штучны інтэлект, але ці можам мы стварыць штучную любоў?”

Напрыканцы свайго казання, вяртаючыся ў думках да свята Божага Нараджэння, папскі прапаведнік нагадаў, што любоў стала “рэальнасцю, падзеяй, сапраўдным чалавекам”, і самае выдатнае, што мы можам зрабіць, – гэта з радасцю і здзіўленнем прыняць дар, які Бог дае свету: свайго ўласнага Сына.

16 снежня 2022, 11:46