Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская дыкастэрыя праводзіць кангрэс на тэму святасці

Святыя – гэта людзі, якія фарміруюць гісторыю, таму сёння трэба добра разумець, што такое святасць, - сказаў Vatican News Кардынал Марчэла Сэмерара.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, па ініцыятыве якой праходзіць кангрэс на тэму святасці, адзначыў, што святыя часта ідуць супраць плыні сучаснага мыслення, змяняючы такім чынам гісторыю. Гэта адбываецца дзякуючы іх свабодзе ў Хрысце. “Святасць павінна прамаўляць да сучаснага чалавека. Святы ў пэўным сэнсе з’яўляецца голасам Езуса, Які звяртаецца да сучаснага чалавека”, - сказаў ён.

Удзельнікі форума засяродзяцца на дзвюх тэмах, маючы на ўвазе праблемы, звязаныя з іх правільнай інтэрпрэтацыяй. Першае – гэта класічнае паняцце “меркаванне аб святасці”, а другое – “гераічнасць цнотаў”. І тое, і другое, на думку кардынала Сэмерара, патрабуюць удакладнення.

“Меркаванне аб святасці” павінна быць звязана з тым, што Другі Ватыканскі Сабор апісвае як sensus fidei, пачуццё веры – адчувальнасць да хрысціянскай праўды, да слова Езуса. “Наша меркаванне сёння можа быць сфарміравана мноствам розных фактараў. Лацінская прымаўка кажа: vox populi, vox Dei – голас народа, голас Бога. Аднак гісторыя сведчыць аб тым, што ў пераважнай большасці выпадкаў голас народа не быў голасам Бога. Таму лепш спасылацца на тое, што Сабор называе звышнатуральным інстынктам веры”, - заўважыў прэфект профільнай ватыканскай дыкастэрыі.

Такім жа чынам трэба падыходзіць і да паняцця “гераічнасць цнотаў”, якое ў сучасным мысленні часта звязана з незвычайнымі чалавечымі здольнасцямі. “Між тым, гераізм у дадзеным выпадку – гэта перш за ўсё пакора, з якой можна распазнаць голас Пана і адказаць на Яго заклік”, - патлумачыў кардынал Сэмерара.

У кангрэсе, які праходзіць у Рыме 3-6 кастрычніка 2022 года, прымаюць удзел прадстаўнікі Дыкастэрыі па справах кананізацыі, выкладчыкі ўніверсітэтаў, навукоўцы, дзеячы культуры і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
 

04 кастрычніка 2022, 10:55