Пошук

Паштовая марка з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам Паштовая марка з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам 

Ватыкан выпусціць марку да 30-годдзя дыпадносін з Беларуссю

Нумізматычна-філатэлістычы аддзел Дзяржавы Ватыкан анансаваў выпуск васьмі новых марак, прысвечаных розным падзеям з жыцця Касцёла. Яны з’явяцца 16 лістапада 2022 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Новыя маркі Ватыканскай пошты будуць прысвечаны: сёлетняй урачыстасці Божага Нараджэння; падарожжам Францішка ў 2021 годзе; 900-ай гадавіне пачатку будаўніцтва катэдры ў італьянскай П'ячэнцы; 150-годдзю нараджэння італьянскага благаслаўлёнага Паўла Маны; 300-годдзю абвяшчэння святога Ісідора Доктарам Касцёла; 400-годдзю рымскага Палаца Іспаніі, у якім месціцца пасольства Іспаніі пры Святым Пасадзе; 30-годдзю аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Мексікай; 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

У ніжняй частцы маркі, прысвечанай гадавіне ватыканска-беларускіх дыпадносін, змешчаны надпіс на італьянскай мове, над ім раскрытая кніга, на старонках якой знаходзяцца выявы дзяржаўных гербаў. Кошт паштовага знака – 1,25 еўра.

Нагадаем, што дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 года. Першыя два гады Апостальская нунцыятура дзейнічала ў Ватыкане, і толькі 18 мая 1994 года яна была перанесена ў Мінск.

На працягу трыццаці гадоў Святы Пасад у Беларусі прадстаўлялі нунцыі Габрыэль Мантальва Хігуэра, Агосціна Маркета, Дамінік Грушоўскі, Іван Юркавіч, Марцін Відавіч, Клаўдыё Гуджэроці і Габар Пінтэр. 21 мая 2020 года Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі харвацкага арцыбіскупа Антэ Ёзіча.

На сённяшні дзень Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 180 дзяржавамі.

27 кастрычніка 2022, 10:46